У Нямеччыне заклікалі рэжым Лукашэнкі вызваліць палітвязняў
15- 1.08.2024, 20:38
- 14,018
Заява была зробленая на фоне маштабнага абмену зняволенымі паміж Захадам і РФ.
Ва ўрадзе Нямеччыны пракаментавалі маштабны абмен зняволенымі з Расеяй 1 жніўня, у якім удзельнічаў асуджаны да пакарання смерцю і памілаваны ў Беларусі немец Рыка Крыгер. Там заклікалі ўлады Беларусі і Расеі вызваліць астатніх палітвязняў.
Як паведаміў прэс-сакратар ураду ФРГ Штэфен Хебештрэйт, Нямеччына здолела «ў цесным і даверным супрацоўніцтве з ЗША і еўрапейскімі партнёрамі» дамагчыся вызвалення 15 чалавек з расейскіх турмаў, а таксама грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, асуджанага да пакарання смерцю ў Беларусі і памілаванага Лукашэнкам.
У рамках абмену Расеі быў перададзены меркаваны супрацоўнік ФСБ Вадзім Красікаў, асуджаны ў Нямеччыне да пажыццёвага тэрміну за забойства чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі ў 2019 годзе.
Паведамляецца, што «ўраду Нямеччыны нялёгка далася гэтая пастанова»:
«Зацікаўленасць дзяржавы ў выкананні прысуду асуджанаму злачынцу была менш значнай у параўнанні са свабодай, фізічным дабрабытам і – у некаторых выпадках – жыццямі нявінных людзей, зняволеных у расейскія турмы і тых, хто неправамерна зазнаў палітычны пераслед», – расказаў прэс-сакратар.
Ён таксама назваў «важнымі матывамі» для абмену абавязальніцтвы ў абароне нямецкіх грамадзянаў і салідарнасць з ЗША.
Урад Нямеччыны таксама заклікаў улады Беларусі і Расеі вызваліць усіх астатніх палітзняволеных.
Раней выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung паведаміла, што ў пракуратуры Нямеччыны «расчараваныя» пастановай уладаў перадаць РФ Красікава. Ва ўстанове мяркуюць, што не былі ўзятыя да ўвагі меркаванні сваякоў забітага Зелімхана Хангашвілі, а ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна праяўленая «празмерная саступлівасць».
Сцвярджаецца, што вызначальную ролю ва ўгодзе згуляў федэральны міністр юстыцыі Нямеччыны Марка Бушман, які запатрабаваў «устрымацца ад далейшага выканання прысуду» паводле справы Красікава.
Нагадаем, 1 жніўня ў Анкары (Турцыя) адбыўся маштабны абмен зняволенымі паміж Расеяй, Беларуссю, ЗША, Нямеччынай, Польшчай, Славеніяй і Нарвегіяй. У ім удзельнічалі 26 чалавек. Сярод вызваленых – грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, асуджаны да смяротнай кары і памілаваны ў Беларусі.