Навукоўцы стварылі ўнікальную мапу для пошуку незямнога жыцця
1- 10.08.2024, 11:17
- 1,932
Выкарыстаныя звесткі рэнтгенаўскага тэлескопа NASA.
Навукоўцы выкарысталі звесткі рэнтгенаўскага тэлескопа NASA для стварэння трохмернай мапы зорак паблізу Сонца, што дапаможа ў пошуку планетаў, прыдатных для жыцця, піша itc.ua.
Касмічны тэлескоп «Чандра» стварыў трохмерную карту зорак, размешчаных на адлегласці ад 16,3 да 49 светлавых гадоў ад Сонца.
Гэтая адлегласць даволі блізка, каб тэлескопы маглі збіраць даўжыні хваляў святла ці «спектры» ад планетаў у прыдатных для жыцця зонах гэтых зорак. Такая зона, або «зона жыцця» (англ.: Goldilocks Zone), – гэта вобласць вакол зоркі, якая не з'яўляецца ні занадта гарачай, ні занадта халоднай, каб дазволіць існаванне вадкай вады на паверхні планеты.
Тэлескоп «Чандра» (Chandra X-ray Observatory) – гэта касмічная абсерваторыя NASA, прызначаная для вывучэння Сусвету ў рэнтгенаўскім дыяпазоне. Ён з'яўляецца адным з самых магутных рэнтгенаўскіх тэлескопаў, што дазваляе астраномам даследаваць высокатэмпературныя з'явы, такія як чорныя дзіры, звышновыя зоркі і скопішчы галактык. Дзякуючы сваім назіранням, «Чандра» дапамог значна пашырыць разуменне структуры і эвалюцыі Сусвету.
Каманда навукоўцаў выкарыстоўвала звесткі 10-дзённых назіранняў «Чандры» і 26 дзён назіранняў тэлескопа XMM-Newton Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Яны вызначылі яркасць зорак у рэнтгенаўскім дыяпазоне, энэргію гэтага выпраменьвання і хуткасць яго змены.
Сара Пікак (Sarah Peacock) з Універсітэта Мэрыленда сказала: «Мы выявілі зоркі, дзе рэнтгенаўскае асяроддзе ў зоне, прыдатнай для жыцця, падобнае ці нават мякчэйшае за тое, у якім развівалася Зямля. Такія ўмовы могуць выконваць ключавую ролю ў падтрыманні багатай атмасферы, падобнай да зямной».
Даследнікі адзначаюць, што некаторыя з даследаваных зорак ужо маюць вядомыя экзапланеты з масамі і памерамі, падобнымі да газавых гігантаў Сонечнай сістэмы. Аднак у гэтых сістэмах могуць існаваць і неадкрытыя планеты, падобныя да Зямлі.
Эдвард Швітэрман (Edward Schwieterman) з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Рыверсайдзе падводзіць вынікі: «Гэтыя рэнтгенаўскія звесткі дапамагаюць удакладніць і прыярытэзаваць спіс мэтаў і могуць дазволіць хутчэй атрымаць першую выяву планеты, падобнай да Зямлі».
Вынікі даследавання прадстаўленыя на 244-м пасяджэнні Амерыканскага астранамічнага таварыства ў Мэдысан, штат Вісконсін.