Расейскі ваенны карабель увайшоў у зону інтарэсаў ЗША ля берагоў Аляскі
8- 10.08.2024, 13:14
- 7,056
Да яго накіраваўся амерыканскі патруль.
Берагавая ахова ЗША ў пятніцу паведаміла пра выяўленне расейскага ваеннага карабля ў міжнародных водах недалёка ад Аляскі. Карабель знаходзіўся ў межах выключнай эканамічнай зоны ЗША, якая распасціраецца на 200 марскіх міляў (370 кіламетраў) ад узбярэжжа.
Паводле інфармацыі Берагавой аховы, у панядзелак экіпаж амерыканскага патрульнага карабля Alex Haley знайшоў расейскі карабель у раёне Алеуцкіх астравоў. Карабель ідэнтыфікавалі як выведны карабель праекту 864 «Мерыдыян».
Амерыканскі патруль не ўступаў у кантакт з расейскім караблём, але ішоў за ім, пакуль той рухаўся на ўсход. Акрамя патрульнага карабля, расейскі карабель таксама назіраў экіпаж гелікаптэра з авіябазы Берагавой аховы ў Кад’яку.
Гэта не першы такі інцыдэнт у апошнія месяцы. Як піша CBSN, 6 ліпеня Берагавая ахова ЗША падчас патрулявання выявіла чатыры кітайскія ваенныя караблі на поўнач ад праходу Амчытка на Алеуцкіх астравах, таксама ў міжнародных водах, але ў межах выключнай эканамічнай зоны ЗША. А 24 ліпеня амерыканскія вайскоўцы перахапілі два расейскія і два кітайскія бамбавікі, якія ляцелі разам у зоне супрацьпаветранай абароны Аляскі.