Беларускія спартоўцы ўстанавілі антырэкорд у Парыжы
6- 10.08.2024, 15:45
- 14,012
У колькасці медалёў на летніх Алімпіядах.
На Гульнях-2024 нашыя атлеты здабылі чатыры ўзнагароды, піша zerkalo.io. Нагадаем, усяго ў Парыж для выступу ў нейтральным статусе (гэта значыць, без гімна, сцяга і любога пазначэння нацыянальнай прыналежнасці) прыехалі 17 атлетаў з беларускім пашпартам. Яны чатыры разы патрапілі на пастамент.
У скачках на батуце атрымаў золата Іван Літвіновіч, а Віялета Бардзілоўская была другой. Таксама срэбра заваяваў прадстаўнік акадэмічнага веславання Яўген Залаты. Акрамя таго, цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам у катэгорыі да 102 кг.
Да гэтага антырэкорднымі для Беларусі з моманту пачатку выступу асобнай камандай былі летнія Гульні ў Токіа. У 2021-м спартоўцы здабылі сем медалёў: залаты, тры срэбныя і тры бронзавыя. Але ніколі раней наша прадстаўніцтва не было такім малалікім, як у Парыжы. Тры гады таму ў японскай сталіцы ўдзельнічалі 105 спартоўцаў, а на папярэдніх АГ яшчэ больш – ад 124 да 177.
У афіцыйным медальным заліку Алімпіяды 2024 года вынікі нейтральных спартоўцаў не браліся да ўвагі.