ГУР і ВМСУ стукнулі па газавай вышцы ў Чорным моры
4- 10.08.2024, 16:30
- 9,266
Расейцы выкарыстоўвалі яе не па прызначэнні.
Вайскова-марскія сілы УСУ разам з Галоўным упраўленнем разведкі Мінабароны атакавалі адну з газавых вышак у акваторыі Чорнага мора, дзе знаходзіліся расейцы, піша zn.ua. Гэта пацвердзіў прадстаўнік ВМСУ Зміцер Плецянчук пасля таго, як падобную інфармацыю апублікаваў шэраг Telegram-каналаў разам з відэа-пацвярджэннем.
«Адзін з тых выпадкаў, калі такое трапляе ў сетку. Так, гэта ВМС УС Украіны ў партнёрстве з Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны. Так, акупанты выкарыстоўвалі гэтую лакацыю для GPS-спуфінгу з мэтай зрабіць небяспечным цывільнае суднаходства. Дапусціць гэтага мы не можам», - напісаў Плецянчук у Facebook.
З ягоных слоў, за палову дня да ўдару расейцы закінулі на платформу абсталяванне і вайсковы персанал. Цывілаў на момант удару там не было.
«Штатны функцыянал платформа не выконвала. Берагавыя ракетна-артылерыйскія войскі ВМС УС Украіны - гэта максімальна сур'ёзныя хлопцы», - дадаў Плецянчук.
Раней актывіст і валанцёр Сяргей Сцярненка пісаў, што на платформе расейцы размясцілі тэхнічнае разведвальнае абсталяванне і трымалі да 40 чалавек асабовага складу.