У Віцебскім раёне выставілі на продаж сядзібу, якой амаль 200 год
3- 10.08.2024, 18:54
- 5,224
У 1909 годзе тут паставілі адну з самых першых беларускіх п'ес.
Камітэт "Віцебскаблмаёмасць" аб'явіў аб продажы сядзібы гістарычнага маёнтка "Малыя Дольцы" ва Ушацкім раёне. Будынак адметны тым, што ў 1909 годзе тут паставілі адну з самых першых беларускіх п'ес. Цяпер гаспадаром маёнтка з амаль 200-гадовай гісторыяй можа стаць любы ахвочы, трэба толькі падаць заяўку на аўкцыён, піша telegraf.news.
У 1909 годзе ў маёнтку "Малыя Дольцы" паставілі п'есу "Міхалка", у стварэнні якой бралі ўдзел вядомы культурны і палітычны дзеяч Вацлаў Іваноўскі, а таксама дзеці ўладальнікаў - Ганна і Эдвард Сушчынскія. Цяпер жа дом, пабудаваны ў 1848 годзе, шукае новага гаспадара. Паводле інфармацыі камітэта "Віцебскаблмаёмасць", аўкцыён адбудзецца зусім хутка, 20 жніўня. Стартавая цана складае ўсяго адну базавую - 40 беларускіх рублёў.
Дарэчы, да 2013 года мясцовае сельгаспрадпрыемства выкарыстоўвала будынак у якасці адміністрацыйнай канторы, а праз 7 гадоў яму прысвоілі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. На гэты момант аб'ект закансерваваны. Для тых, хто хоча набыць сядзібу, абавязковай умовай з'яўляецца правядзенне рамонту на працягу пяці год.
Паводле звестак "Віцебскаблмаёмасці", ацэначны кошт будынка складае 115 тысяч беларускіх рублёў.