Эксперт NATO назвала 5 мэт аперацыі ў Курскай вобласці
4- 10.08.2024, 20:24
- 9,716
Ход вайны можа змяніцца.
Экс-кіраўніца штаба стратэгічнага планавання NATO Стэфані Бабст уважае, што аперацыя ў Курскай вобласці з'яўляецца добра спланаванай, бо атрымалася «заспець пуцінскае войска знянацку»». Аб гэтым яна паведаміла ў каментары Bild.
З ейных слоў, аперацыя ў Курскай вобласці можа мець адразу некалькі мэт, якія могуць быць карыснымі для Украіны.
Аказаць ціск на Пуціна
“У адрозненне ад Бэрліна і Вашынгтона, яны зразумелі, што павінны паставіць расейцаў у абарончае становішча. Наколькі змогуць», - кажа Бабст.
Каб даказаць сваю баяздольнасць - самой Украіне і Захаду
Экспертка NATO ўважае, што наступ у Курскай вобласці дэманструе здольнасць украінскіх узброеных сіл аказваць ціск на расейскага агрэсара, што ў будучыні можа дапамагчы пераканаць хаўруснікаў скасаваць абмежаванні на выкарыстанне заходніх сістэм узбраенняў.
Аднак варта адзначыць, што афіцыйна Украіна не пацвярджала свайго ўдзелу ў аперацыі на тэрыторыі Расеі, між іншым у Курскай вобласці.
Каб аслабіць націск расейскіх войскаў на іншых участках фронту
Стэфані Бабст адзначае, што на Данбасе і ў Харкаве УСУ з вялікімі намаганнямі стрымліваюць расейскі наступ. Цяпер расейцам давядзецца перакідаць частку сваіх сіл, каб спыніць украінскія войскі ў Курскай вобласці.
Захапіць Курскую АЭС і пасля абмяняць яе на захопленую Расеяй Запароскую АЭС падчас перамоў
Чуткі пра гэта цыркулююць ужо некалькі дзён, але Бабст сумняваецца, што такая задача стаіць перад УСУ, бо з ваеннага пункту гледжання гэта быў бы вельмі працяглы і складаны шлях.
Ударыць па газавым экспарце Пуціна
На яе думку, УСУ, хутчэй, імкнуцца кантраляваць газавымяральную станцыю ў Суджы, якая з'яўляецца ключавым элементам апошняга газаправода, які злучае Еўропу з Расеяй.
«Гэта стала б значнай стратай для газавага бізнэсу Пуціна», - уважае Бабст.