21 снежня 2024, Субота, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Танны спектакль

4
Танны спектакль

Барыс Грызлоў застаўся без ноты.

Некалькі слоў аб выбарчым гневе беларускага МЗС.

Давайце на хвіліну паверым у тое, што «беспілотнікі, якія ляцелі з Украіны» былі насамрэч. Што гэта не плод нечай не вельмі здаровай фантазіі.

Уявіць такое не складана, калі ўлічыць той факт, што вайна ў суседняй краіне ідзе ўжо трэці год. І што наша краіна ў гэтай вайне - суўдзельніца агрэсара, адзіная яго вайскова-палітычная хаўрусніца.

Можна ўзгадаць небеспадстаўныя падазрэнні аб тым, што ўкраінскія дроны і раней «зразалі куты» над тэрыторыяй Беларусі па шляху да Ленінградскай і Пскоўскай абласцей Расеі. Не кажучы ўжо пра нядаўнюю гісторыю з залётамі да нас расейскіх «шахедаў».

Дарэчы, у тым выпадку беларускае МЗС не палічыла патрэбным зладзіць пяціхвілінку праведнага гневу на адрас Масквы, Барыс Грызлоў застаўся без ноты.

Хоць, вядома, зладжаны Лукашэнкам і яго дыпламатыяй танны спектакль больш падобны на спробу захаваць твар на фоне абвінавачванняў, якія ляцяць з Расеі. Маўляў, адвёў войскі дык адвёў.

Судзячы па першых рэакцыях на заявы з Менска, у іх сур'ёзнасць паверылі не многія. Ды і як паверыць таму, хто рэгулярна перамагае ўяўнага ворага, ганяючы сваіх вайскоўцаў да мяжы і назад.

Але для беларусаў гэта слабое суцяшэнне. Бо пагроза разарваць дыпламатычныя стасункі з Украінай, калі яна адбудзецца, можа стаць пралогам да самых сумных падзей.

А тым, хто зараз вінаваціць Украіну ў «злачынных дзеяннях», варта ўспомніць, з чаго ўсё пачалося - з рэальных, а не ўяўных ракет, якія паляцелі ў лютым 2022-га з Беларусі па ўкраінскіх гарадах.

Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках