22 снежня 2024, Нядзеля, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін даручыў кіраўніку ФСБ Бортнікаву замест Герасімава кіраваць аперацыяй супраць УСУ ў Курскай вобласці

22
Пуцін даручыў кіраўніку ФСБ Бортнікаву замест Герасімава кіраваць аперацыяй супраць УСУ ў Курскай вобласці

Дыктатар РФ незадаволены тым, як расейскае ваеннае камандаванне спраўляецца з сітуацыяй.

Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін прызначыў кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава камандзірам «контртэрарыстычнай аперацыі» пасля ўварвання ўкраінскага войска ў Курскую вобласць, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Пуцін, верагодна, прызначыў Бортнікава кіраўніком "контртэрарыстычнай аперацыі", таму што Бортнікаў раней зарэкамендаваў сябе як эфектыўны мэнэджар падчас крызісаў, якія пагражалі ўнутранай стабільнасці Расеі і крамлёўскаму рэжыму», – гаворыцца ў зводцы ISW.

Там адзначаецца, што Бортнікаў займаўся перамовамі і забяспечыў гарантыі заснавальніку ПВК «Вагнер» Яўгену Прыгожыну падчас мяцяжу летам летась. Пасля свайго перавыбрання, Пуцін публічна пахваліў дырэктара ФСБ за арганізацыю бяспекі і суверэнітэт Расеі.

ISW удакладняе, што прызначэнне Бортнікава камандзірам КТА сведчыць, што Пуцін быў незадаволены тым, як расейскае ваеннае камандаванне спраўляецца з сітуацыяй у Курскай вобласці.

Напярэдадні кіраўнік Генштаба УС РФ Валеры Герасімаў схлусіў Пуціну падчас дакладу пра сітуацыю ў Курскай вобласці. Сярод іншага, ён заявіў кіраўніку дзяржавы, што на тэрыторыю РФ увайшлі блізу 1000 салдатаў УСУ, а на дзень раней Міністэрства абароны заяўляла пра такія самыя страты ўкраінскага войска ў Курскай вобласці. На хлусню военачальніка звярнуў увагу журналіст «Новой газеты» Валерый Шыраеў.

«Г.зн. тысяча зайшла, а праз суткі тысяча ўжо забітая і параненая, паводле справаздачаў Міністэрства абароны. <…> Гэта як так? Тысяча зайшла, дзень прайшоў, і ўсё, і ўжо іх няма. А астатнія? Хто ж там ваюе?» – сказаў ён YouTube-каналу «НО.Медиа из России».

У ходзе экстраннай нарады Рады бяспекі, якую Пуцін правёў 7 жніўня на фоне паспяховага прасоўвання УСУ ў Курскай вобласці, Герасімаў паабяцаў прэзідэнту, што войска Украіны будзе адкінутае за межы Расеі. Генерал расказаў, што падраздзяленні УСУ «колькасцю да 1000 чалавек» пачалі наступаць у 5:30 раніцы 6 жніўня «з мэтай захопу часткі Суджанскага раёна». У той момант ён таксама запэўніў, што прасоўванне УСУ «ўглыб тэрыторыі на Курскім кірунку спыненае».

Інфармацыя пра «спыненне» прасоўвання ўкраінскіх вайскоўцаў углыб Расеі, зрэшты, таксама была недакладнай: УСУ пасля гэтага ўзялі яшчэ блізу 10 населеных пунктаў (у агульнай колькасці пад кантролем Украіны цяпер знаходзіцца сама менш 20 расейскіх н. п.) і газавымяральная станцыя «Суджа», праз якую расейскі газ пампуецца ў Еўропу. У палон патрапілі дзясяткі расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку салдаты-тэрміновікі. 9 жніўня на тэрыторыі Курскай, а таксама Белгарадскай і Бранскай абласцей быў уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА).

Паводле звестак крыніцаў Bloomberg, расейская выведка за два тыдні ведала, што УСУ плануюць спробу прарыву мяжы ў Курскай вобласці, але кіраўнік Герасімаў праігнараваў усе папярэджанні, а таксама пастанавіў не турбаваць гэтай інфармацыяй прэзідэнта Пуціна.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках