Як даехаць да Літвы без шматгадзінных чэргаў на мяжы?
5- 12.08.2024, 15:25
- 19,746
Беларус падзяліўся хітрыкам.
На межах Беларусі з краінамі Еўразвязу захоўваюцца доўгія чэргі з аўтобусаў і легкавікоў. З інфармацыі з прымежных чатаў, час перасячэння мяжы можа займаць дзясяткі гадзін. Беларус падзяліўся хітрыкам, які дазваляе абысці цяжкасці з паездкай як мінімум у Літву.
Для гэтага трэба купіць білет на любы з цягнікоў з Менска да Калінінграда.
- Едзем да станцыі Чарнышэўскае - гэта на самай мяжы Калінінградскай вобласці з Літвой. Час у дарозе - 8,5 гадзіны. І гэта фактычны час, усё заўсёды паводле раскладу і без спазненняў, - адзначыў ён. - Выходзьце з цягніка, і вы, фактычна, ужо на мяжы. Прычым мяжу з Літвой там можна перайсці нават пешшу, ніякіх чэргаў няма. З Кібартая ў Коўна ці Вільню можна з'ехаць на электрычцы ці на таксі.
Хоць ёсць і аўтобусы паміж Калінінградам і Вільняй, Варшавай, Гданьскам.
Прычым, з чутак, раней усё было яшчэ прасцей.
- Па дарозе цягнік спыняецца на станцыях Кяна і Кібартай, дзе заходзяць літоўскія памежнікі і мімаходам правяраюць пашпарты. Час у дарозе ад Менска да Кяны ўсяго — 3,5 гадзіны. А Кяна знаходзіцца ўсяго за 25 км ад Вільні. Дык вось да 1 сакавіка гэтага года там можна было выйсці без праблем, проста паставіўшы памежніка перад фактам і паказаўшы візу, або ДНЖ, або пашпарт грамадзяніна ЕЗ ці бязвізавай краіны. А вось з 1 сакавіка выхад у Кяне дазволены толькі ў выключных выпадках, - распавялі ў профільных чатах.
- Ехала гэтым маршрутам 7 жніўня з двума маленькім дзецьмі, двума вялікімі валізамі і вазком. Замовілі таксі на вакзале Чарнышэўскае, давезлі за 300 расейскіх рублёў (3 еўры) да КПП, прайшлі мяжу прыкладна за паўгадзіны, з Кібартая да Вільні ехалі на трансферы. Вельмі зручна, лёгка і хутка. Да гэтага думала, што гэта складаны маршрут, на сваім досведзе пераканалася ў зваротным. Галоўнае, усё добра арганізаваць, - распавяла там жа спадарыня.
Цягнікі з Менска ў напрамку Калінінграда ходзяць штодня, білеты можна купіць нават на сёння, цана плацкарта — ад 111 рублёў.