Зяленскі: 24 гады таму была катастрофа «Курска» – сімвалічны пачатак кіравання Пуціна
15- 12.08.2024, 20:30
- 21,932
Цяпер відаць, што з'яўляецца фіналам для яго. І таксама Курск.
Украіна кантралюе блізу 1000 км² тэрыторыі ў Курскай вобласці, адкуль, сярод іншага, РФ абстрэльвала Сумскую вобласць. Пра гэта 12 жніўня ў вечаровым відэазвароце, апублікаваным у Facebook Офіса прэзідэнта Украіны, паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Ён расказаў, што сёння на стаўцы вярхоўнага галоўнага камандзіра быў даклад галоўнага камандзіра УСУ Аляксандра Сырскага «пра фронт і ўсе ключавыя абарончыя кірункі».
«А таксама пра аперацыю ў Курскай вобласці – генерал Сырскі даклаў, што кантралююцца блізу тысячы квадратных кіламетраў у Курскай вобласці. Гэта, сярод іншага, раёны, з якіх расейскае войска наносіла ўдары па нашай Сумскай вобласці. На сённяшні стан і з 1 чэрвеня гэта ўжо амаль 2100 абстрэлаў тэрыторыі Сумскай вобласці. Таму нашы аперацыі – гэта чыста пытанне бяспекі для Украіны, вызваленне прымежжа ад расейскіх вайскоўцаў», – падкрэсліў Зяленскі.
Ён таксама выказаў падзяку вайскоўцам, якія папаўняюць абменны фонд для Украіны. Прэзідэнт даручыў структурам, якія займаюцца абменамі (ГУР, СБУ і МУС), прапанаваць дакладную стратэгію вяртання ўкраінцаў з расейскага палону.
«Мы бачым, як Расея ў часы Пуціна насамрэч рухаецца: 24 гады таму была катастрофа “Курска” – сімвалічны пачатак ягонага кіравання; цяпер відаць, што з'яўляецца фіналам для яго. І таксама Курск. Катастрофа ягонай вайны, – указаў Зяленскі. – Так заўсёды бывае з тымі, хто пагарджае людзьмі і любымі правіламі. Расея прынесла вайну іншым, цяпер гэта вяртаецца дадому. Украіна заўсёды хацела толькі міру, і мы абавязкова мір забяспечым».