«Мяне папярэджвалі, што тут адкрыўся «філія пекла»
2- 13.08.2024, 9:48
- 6,236
Беларусы – пра чэргі на мяжы з Польшчай і Літвой.
У пік турыстычнага сезона беларусы вымушаны днямі стаяць на мяжы, каб патрапіць у Польшчу ці Літву. Едуць як на аўтобусах, гэтак і на сваіх аўтамабілях. Колькі часу давядзецца правесці ў чарзе, прадбачыць складана.
Падарожнікі раяць выязджаць за дзень, каб не спазніцца на самалёт, а таксама запасіцца ежай і вадой, піша ex-press.by.
Беларусь-Польшча
Беларуска Лена ехала на рэйсавым аўтобусе дадому з Менска ў Польшчу, дзе жыве не першы год. У дарозе правяла 54 гадзіны:
- Мы вельмі доўга стаялі ў чарзе. Калі едзеш турыстычным аўтобусам, то трэба закладваць больш за дзень на мяжу. Нам яшчэ пашанцавала, што не было спякоты.
Але ўвогуле ўмовы не самыя добрыя. Быццам і стаяць бясплатныя біяпрыбіральні, але яны настолькі смярдзючыя, што лепш скарыстацца платнай, там хоць чыста. Стаяць шапікі з ежай тыпу блінцоў, хот-догаў, вадой і напоямі. Гэта, канешне, выратавала сітуацыю. Я так доўга стаяць не планавала, ежы шмат не брала з сабой.
Цяпер нельга практычна нічога вывозіць: ні цыгарэт, ні моцны алкаголь. Гэта ўвялі нядаўна, і я не ведала. Везла літр віскі. Таму мы ўдала пачалі яго піць, і было весялей.
Вольга таксама ехала з Беларусі ў Польшчу. Дзяўчыне пашанцавала больш: усяго ў дарозе яна правяла блізу 17 гадзін. Беларуска ехала ва Уроцлаў:
- Мы ехалі аўтобусам праз Берасце-Тэрэспаль. У Берэсце прыехалі самастойна, аўтобуса на мяжы ў той дзень (пятніца) не было, таму мы набылі квіткі на бліжэйшы аўтобус у Берасці. Справіліся за адносна кароткі час - 11 гадзін на мяжы.
Лера разам з хлопцам ехала на аўто ў Варшаву. На мяжы і ў зоне чакання пара правяла больш за дзень — 29 гадзін:
- Я ўявіць не магла маштабы гэтай трагедыі. Вядома, сяброўкі мяне папярэджвалі, што зараз тут адкрыўся "філіял пекла". Мы былі непадрыхтаванымі абсалютна. Не ўзялі з сабой ежы, вады. Усё, што было ў запасах, знішчылі яшчэ да мяжы. Гэта было недарэчна. Трэба было сабраць з сабой нармальныя перакусы. Але мы не падумалі, спадзяваліся на поспех. Але тут гэта не працуе. Машын - мора проста, усё ідзе так павольна, што ад чакання пачынаеш выць.
У спецыяльным чаце людзі на мяжы таксама лічаць гадзінны, праведзеныя на мяжы і ў дарозе:
- Прыехалі на польскую мяжу 02.08 каля 22.00. Выехалі з беларускай мяжы 03.08 у 8.30. Разам 10,5 гадзін дзве мяжы. На мяжы наш аўтобус быў шосты ў чарзе.
Беларусь-Літва
- На беларускай мяжы адна пасажырка нашага аўтобуса раптам даведалася, што, высвятляецца, на мяжы затрымкі, і падняла паніку, бо ў яе самалёт а 4 раніцы, - распавядае малады чалавек. - Яна прасіла, каб яе перасадзілі ў іншы аўтобус, на што кіроўца сказаў: колькі пасажыраў ён увёз на мяжу, з такой жа колькасцю павінен і выехаць. Таксама прасіліся ў наш аўтобус дзве жанчыны з аўтобуса, які з 14 гадзін ехаў, і атрымалі адмову з той жа прычыны.
Не ведаю, можа дзяўчына з імі памянялася неяк, але па прыездзе ў Літву яе з намі не было. Усім удалых паездак!
Другая беларуска ехала аўтобусам Eurolines на 19.00 з Менска ў Літву. Паводле яе слоў, на мяжы было два аўтобусы перад імі. На беларускай мяжы багаж не глядзелі, толькі спыталі, ці ёсць што дэклараваць.
Каля дзвюх гадзін чакалі, каб заехаць да літоўцаў, яшчэ прапусцілі перад сабой адзін аўтобус, бо ён выехаў з Менска а 14 гадзіне і апоўначы яшчэ быў на мяжы з-за праблем у аднаго з пасажыраў.
- Усё было як трэба, правяраў толькі адзін супрацоўнік, у рэчах не капаўся. Цікавіўся, ці ёсць ежа, алкаголь тытунь, калі казалі, што не, то глядзеў на ваш адкрыты на стале багаж і прапаноўваў закрываць і працягваць шлях, - распавядае іншая суразмоўніца аб надглядзе.
У выніку ў аэрапорце Вільні былі а 2.40. Усё прайшло спакойна і ціха, а доўга, паводле меркавання беларускі, толькі з-за чакання іншых аўтобусаў і праз тое, што ў пункце пропуску працуе адзін чалавек.