Барыслаў Бэрэза: Рэакцыя расейцаў на УСУ ў Курскай вобласці кажа толькі пра адно
20- 14.08.2024, 17:55
- 42,466
Паказальны момант ва ўкраінскай аперацыі.
Ужо тыдзень працягваецца аперацыя УСУ ў Курскай вобласці РФ. Вокамгненнае ўварванне ўкраінскіх войскаў перасягнула многія чаканні.
Якія галоўныя высновы можна зрабіць пасля 7 дзён рэйду ўкраінскага войска? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітычным дзеячам, экс-дэпутатам Вярхоўнай Рады Барыславам Бэрэзам:
- Мы бачым, што ў Расеі абсалютна не абароненыя межы, расейцы не кантралююць свой кардон. Крэмль перакінуў усе войскі ва Украіну, таму паказвае сваю слабасць. Акрамя таго, Пуцін паказаў, што на сённяшні дзень ён не можа нічога супрацьпаставіць украінскім Узброеным сілам з некалькіх прычын. Па-першае, адсутнічаюць самі войскі ўнутры Расеі, таксама ў мясцовых жыхароў няма ніякай матывацыі супраціўляцца.
Вы памятаеце, якое супраціўленне было акупантам, калі заходзілі расейцы ва Украіну. А зараз, калі ўкраінскія вайскоўцы заходзяць у расейскія населеныя пункты, з імі вітаюцца, падтрымліваюць і нават здаюць “кадыроўцаў” з вялікім задавальненнем. Гэта кажа толькі аб адным - падтрымка рэжыму трымаецца толькі на фінансавых уліваннях, а рэальнага патрыятызму не было і няма.
Ёсць яшчэ адзін паказальны момант - Пуцін, які распавядаў, што трэба напасці на Украіну, у выніку прывёў вайну ў саму Расею. Ён стаў першым лідарам Расеі з часоў Другой сусветнай вайны, які давёў да таго, што РФ страціла частку сваіх тэрыторый.
- Пуцін ставіў адной з мэт так званай СВА - дэмілітарызацыю Украіны, а цяпер выводзіць войскі з Калінінградскай вобласці, каб абараніць Курскую. Выходзіць, Украіна дэмілітарызавала РФ?
— Так, больш за тое, выводзяцца войскі не толькі з Калінінграда. Выводзяцца войскі з Маздока, выводзяцца войскі з Дагестана, з-пад Махачкалы выведзены нават унутраныя войскі, якія перакідваюць зараз на Курскую вобласць. Атрымліваецца цікавая сітуацыя ў Курскай вобласці, зараз яе павінны абараняць мусаркі, ФСБшнікі, жаўнеры тэрміновай службы і частка войскаў, якія перакідваюцца з іншых часцей і, хутчэй за ўсё, ніколі не ваявалі.
Цалкам чакана, што чарговае "мяса" будзе кінута супраць Украіны, але яно будзе знішчанае. Пуціну трэба стрымаць украінскі наступ, а Украіне трэба, каб ён зняў войскі з фронту і перакінуў іх у іншае месца, ці ўвогуле скончыў ваенныя дзеянні.
- Якія працэсы ўнутры РФ запускае аперацыя УСУ ў Курскай вобласці?
- На жаль, цяпер складана гэта ацаніць, неабходна вытрымаць пэўны час для гэтага. Але ўжо зараз можна сказаць, што вялізная колькасць саміх расейцаў раптам даведалася, што вайна прыйшла ў іх дом менавіта дзякуючы Пуціну.
Раней такога не было, таму ў іх узнікла пытанне: “А што ж адбываецца? Чаму Пуцін расказваў, што Расея — гэта звышдзяржава, наймацнейшая краіна ў свеце, але яна раптам страчвае свае тэрыторыі?”. Ці было такое да 24 лютага 2022-га года? Расейцы самі пачалі даваць сабе адказы, што такога не было.
Пуцін, які ўспрымаецца імі як Акела, які не можа памыліцца, раптам дапусціў памылку. І гэта чарговым разам. Калі ўжо Акела спудлаваў, то неўзабаве вялікая колькасць насельніцтва пачне думаць, што Акелу трэба мяняць.