КПЧ ААН прызнаў віну рэжыму ў справах 13 грамадзян
2- 15.08.2024, 11:13
- 6,140
І патрабуе ад Беларусі адказу.
Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ) прызнаў урад Беларусі "вінаватым у парушэнні права" 13 беларускіх грамадзян на "свабоду выказвання меркавання і мірны сход", паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Пастанова была прынятая 17 ліпеня.
Праваабаронцы называюць толькі адно імя з 13 - актывіста з Барысава (Менская вобласць) Аляксандра Абрамовіча.
Размова ідзе аб парушэннях пры прыцягненні да адказнасці ў Беларусі ў перыяд з 2016 да 2020 годв за "ўдзел або публічныя заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мірных акцыях пратэсту". Пацярпелых, якія падалі скаргі, аштрафавалі і арыштавалі тэрмінам ад 5 да 10 дзён.
Па выніках разгляду паведамленняў камітэт адзначыў, што ўжо неаднаразова раней устанаўліваў парушэнне Беларуссю правоў, прадугледжаных арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
КПЧ пастанавіў, што беларуская дзяржава "павінна прадставіць аўтарам скаргаў эфектыўныя сродкі прававой абароны ў выглядзе поўнай кампенсацыі - кампенсаваць кошт выплачаных штрафаў, судовых выдаткаў".
Акрамя гэтага, Беларусь павінна прыняць "усе неабходныя меры" для прадухілення такіх парушэнняў у будучыні. З гэтай мэтай КПЧ рэкамендуе перагледзець нацыянальную нарматыўную базу, каб правы, замацаваныя ў арт. 19 і 21 пакта, маглі быць у поўнай меры рэалізаваны.
Адначасова камітэт зазначыў, што хацеў бы атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб мерах, прынятых для рэалізацыі пастановы камітэта.
У 2023 і 2024 КПЧ прыняў некалькі падобных пастаноў.