Прэзідэнт Паўднёвай Карэі прапанаваў КНДР перамовы
2- 15.08.2024, 12:23
- 3,918
І стварэнне спецыяльнай кансультатыўнай групы.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль прапанаваў стварыць кансультатыўны орган з Паўночнай Карэяй на працоўным узроўні для таго, каб абмеркаваць напружанасць паміж краінамі і аднаўленне эканамічнага супрацоўніцтва. Пра гэта ён заявіў падчас сваёй прамовы з нагоды Дня нацыянальнага вызвалення, які адзначае 79-ю гадавіну незалежнасці ад каланіяльнага панавання Японіі 1910-45 гадоў пасля Другой сусветнай вайны, піша Reuters.
Ёль падкрэсліў, што гатовы пачаць палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва, калі Паўночная Карэя "зробіць толькі адзін крок" да дэнуклеарызацыі (змяншэнне або ліквідацыя ядзернай зброі - заўв.).
Палітык выкарыстаў гэтую прамову, каб падаць план аб'яднання і зноў звярнуцца да Пхеньяна пасля нядаўняй прапановы яго ўрада надаць дапамогу для ліквідацыі наступстваў паводкі на ізаляванай Поўначы, якая, паводле ягоных слоў, была адхіленая.
"Але аб'яднаная Карэя выглядае аддаленай перспектывай, паколькі стасункі паміж суседзямі знаходзяцца на самым нізкім узроўні за апошнія дзесяцігоддзі, а Поўнач імкнецца развіць свой ядзерны і ракетны патэнцыял і робіць крокі да разрыву сувязяў з Поўднем, пераасэнсоўваючы яго як асобную, варожую дзяржаву", - адзначаюць у выданні.
Таксама ў пачатку года паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын назваў Паўднёвую Карэю "галоўным ворагам" і заявіў, што аб'яднанне больш немагчымае.