22 студзеня 2025, Серада, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пікавае значэнне ў выходныя – 72 аўтобусы»

8
«Пікавае значэнне ў выходныя – 72 аўтобусы»

На мяжы хочуць спрасціць жыццё пасажырам, якія стаяць у чарзе на выезд у Польшчу.

У пункце пропуску «Брэст» («Варшаўскі мост») на беларуска-польскай мяжы пашыраць пляцоўку і палепшаць умовы для падарожнікаў, якія чакаюць выезду за мяжу. Працы плануюць пачаць ужо ў верасні, паведамляе БелТА.

Пра планы пашырыць пляцоўку чакання каля пункта пропуску для аўтамабіляў і аўтобусаў «Варшаўскі мост» паведаміў памочнік Лукашэнкі – інспектар Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык. Паводле ягоных словаў, цяпер ахвотныя перасячы мяжу шмат гадзінаў праводзяць у чэргах, паколькі «польскі бок нерытмічна прымае транспартныя сродкі».

Чакаецца, што ў верасні падрадная арганізацыя пачне пашырэнне пляцоўкі чакання. Цяперашнія магчымасці дазваляюць размясціць 100 аўтамабіляў, у будучыні іх колькасць павялічыцца ў чатыры разы. Працы плануецца выканаць цягам года.

Таксама плануецца найбліжэйшым часам палепшыць умовы чакання ў пункце пропуску. Там маюць намер устанавіць лаўкі, фуд-корты, дзіцячую пляцоўку, медыцынскі пункт, прапанаваць больш магчымасцяў для гарачага харчавання падарожнікаў.

«Пікавае значэнне ў выходныя дні – 72 аўтобусы, якія чакаюць выезду ў бок Польшчы. У сярэднім у кожным салоне недзе 40 пасажыраў. Два фуд-корты не ў стане забяспечыць разнастайным гарачым харчаваннем», – паведаміў кіраўнік Берасцейскай памежнай групы Максім Бутранец.

Адзначым, на мяжы Беларусі з ЕЗ, у тым ліку з Польшчай, рэгулярна збіраюцца чэргі з аўтобусаў і легкавушак. У пік турыстычнага сезону беларусы вымушаныя стаяць суткамі, каб патрапіць у суседнія краіны. Беларускія ўстановы тлумачаць затрымкі «нерытмічнай працай» службаў па тым боку мяжы.

Акрамя таго, з 16 жніўня забаронены ўезд у Літву для ўсіх легкавых аўто, зарэгістраваных у Беларусі. Напярэдадні пачатку дзеяння бану ў пункце пропуску «Каменны Лог» сабралася рэкордная чарга з легкавушак. Людзі паведамлялі, што праводзілі ў чарзе да 46 гадзінаў, каб выехаць у Літву.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках