Экс-намеснік міністра абароны Польшчы заклікаў стварыць Беларускі легіён на тэрыторыі краіны
12- 16.08.2024, 16:01
- 7,566
Польшча мае права ўдзельнічаць у паскарэнні падзення рэжыму Лукашэнкі.
У Польшчы ўжо дзейнічае Украінскі легіён. У яго рамках грамадзяне Украіны праходзяць ваенную падрыхтоўку перад тым, як заключыць кантракт з УСУ.
У сваім аналізе для выдання Wprost.pl стварэнне аналагічнага падраздзялення – Беларускага легіёну – прапануе экс-намеснік міністра абароны Польшчы і былы камандзір сухапутных войскаў, генерал-лейтэнант у адстаўцы Вальдэмар Скшыпчак.
«Мы не з'яўляемся непасрэднымі ўдзельнікамі вайны ва Украіне. Мы падтрымліваем суседа, які ваюе, у межах кааліцыі. Мы прапануем дапамогу, сярод іншага – навучаннем Украінскага легіёну. Чаму б не пачаць фармаванне Беларускага легіёну?» – пытае былы камандзір сухапутных войскаў.
Польскі генерал кажа, што ў Аляксандра Лукашэнкі «на руках кроў тысячаў нявінных». На ягоную думку, калі Пуцін паспрабуе спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне, адной з умоваў уступлення ў перамовы з удзелам Захаду павінна стаць перадача беларускага дыктатара ў рукі міжнароднага трыбуналу.
«Польшча як дзяржава, на якую напала Беларусь, мае права ўдзельнічаць у звядзенні рахункаў з камандай забойцаў Лукашэнкі і, перш за ўсё, у паскарэнні падзення ягонага рэжыму», – зазначыў ён.
Адстаўны вайсковец адзначае, што авантурызм Лукашэнкі абумоўлены тым, што ЕЗ па-ранейшаму мала абмяжоўвае менскі рэжым. Таму ён заклікае Брусэль «зацягнуць пятлю на шыі беларускага дыктатара».
«Трэба сабраць сотні брусэльскіх чыноўнікаў і прывезці іх на нашую мяжу з Беларуссю. Можа быць, гэта заахвоціць іх задумацца пра бяспеку і будучыню Еўропы», – падкрэсліў Скшыпчак.
Генерал адзначае, што «колькасць грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, вялікая».
«Ва Украіне ваюе полк Каліноўскага, набраны з беларусаў. Што перашкаджае ЕЗ пачаць ставіць перад Лукашэнкам дакладна вызначаныя ўмовы?» – пытаецца Вальдэмар Скшыпчак, заклікаючы «выставіць Менску рахунак за бандытызм».