Пуцін страчвае аўтарытэт і ўплыў у вачах Кітая і Ірана
8- 16.08.2024, 16:53
- 8,062
Так званыя хаўруснікі Расеі могуць адвярнуцца ад яе.
Аперацыя Украіны ў Курскай вобласці нанесла сур'ёзны ўдар па прэстыжы дыктатара Уладзіміра Пуціна. Расейскі дыктатар страчвае аўтарытэт і ўплыў у вачах Кітая, Ірана і іншых «хаўруснікаў». Бездапаможнасць кіраўніка Крамля можа стварыць істотны ўплыў на адносіны паміж гэтымі краінамі, зазначыў у эфіры 24 каналы былы міністр энэргетыкі Расеі і апазіцыянер Уладзімір Мілаў.
Паводле ягоных словаў, Кітай ужо значна раздражнёны тым, што Пуцін за два гады так і не змог дамагчыся сваіх мэтаў. Вайна, якая прадаўжаецца без канца, не падабаецца Пекіну.
Апазіцыянер перакананы, што адносіны паміж Кітаем і Расеяй ахалоджваюцца, што праяўляецца ў замарожванні экспартна-імпартных разлікаў. Кітайскія ўлады не робяць ніякіх крокаў для развязання гэтай праблемы, а сітуацыя толькі пагаршаецца з кожным днём. Ужо нават ідзе размова пра магчымае спыненне гандлю юанямі на Маскоўскай біржы, у той час як Крэмль дэманструе бяссілле ў развязанні гэтай сітуацыі, дадаў эксперт.
Што да Ірана, то адносіны паміж краінамі таксама могуць пагоршыцца, мяркуе Мілаў. На пасаду прэзідэнта Ірана нечакана абралі ўмоўнага рэфарматара Масуда Пезешкіяна, які яшчэ да выбараў адкрыта заяўляў, што супраць безумоўнай падтрымкі Расеі і ўважае за неабходнае нармалізаваць адносіны з Захадам. Няўдачы Пуціна ў апошнія тыдні толькі ўзмоцняць гэтую дыскусію ў Іране, дадаючы аргументы супраць вылучэння рэсурсаў у падтрымку Крамля.
Як мяркуе Мілаў, адзінай краінай, якая, верагодна, застаецца з Расеяй, будзе Паўночная Карэя. Яна настолькі ізаляваная на міжнароднай арэне, што ёй абыякава. Паўночная Карэя прадоўжыць падтрымліваць Пуціна, але толькі ў абмен на выгады. Такім чынам, паступовая страта кантролю над Куршчынай дэманструе слабасць дыктатара, што ўскладняе яго адносіны з «хаўруснікамі», падсумаваў расейскі апазіцыянер.