NYT: Сакрэтная служба ЗША перакінула частку аховы Байдэна на абарону Трампа
7- 16.08.2024, 17:06
- 3,418
Пасля спробы замаху.
Сакрэтная служба ЗША ўзмацніла абарону бяспекі былога прэзідэнта Дональда Трампа пасля спробы замаху на яго. Узмацненні выконваюць рознымі спосабамі, сярод іншага шляхам часовага перанакіравання часткі каманды для абароны прэзідэнта Джо Байдэна да Трампа.
Пра гэта піша New York Times (пераклад – Hromadske) са спасылкай на дасведчаных суразмоўцаў.
Перапрызначэнне чальцоў прэзідэнцкай каманды незвычайнае, сказаў прадстаўнік сакрэтнай службы. Зрэшты, Байдэн скараціў свой графік паездак, а ў дачыненні да Трампа пагроза гвалту вырасла. Таму гэты крок уважаецца за неабходны і здзяйсняльны.
Спікер Белага дому не даў каментароў, а прадстаўнік кампаніі Трампа адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю.
Акрамя таго, паводле звестак NYT, Сакрэтная служба таксама выкарыстоўвае куленепрабівальнае шкло, каб узмацніць абарону Трампа на будучых агітацыйных акцыях на адкрытым паветры.
Сакрэтная служба ўзяла на сябе адказнасць за памылкі ў бяспецы пасля замаху на Трампа на перадвыбарчым мітынгу. Кіраўніца службы Кімберлі Чытл на фоне шырокай крытыкі вымушаная была пакінуць пасаду. Але, нягледзячы ні на што, агенцтва павінна было прадаўжаць сваю місію ў абароне трох дзясяткаў дзейных і былых чыноўнікаў і іх сем'яў падчас года напружанай прэзідэнцкай кампаніі.