21 снежня 2024, Субота, 19:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Telegraph: Украіна здзівіла Расею ў Курскай вобласці

9
The Telegraph: Украіна здзівіла Расею ў Курскай вобласці

Войска РФ не можа прыстасавацца да тэмпу на полі бою.

Украінская аперацыя ў Курскай вобласці паказала, што нечаканасці на вайне зноў вярнуліся. Намеснік рэдактара The Telegraph Дамінік Нікалс аналізуе ўкраінскую тактыку, расказвае, чаго спрабуе дасягнуць Кіеў.

Журналіст паказвае, што цяпер войскі Кіева ўтрымліваюць блізу 1000 кв. км тэрыторыі ўнутры Расеі. За апошнія сем дзён яны захапілі больш тэрыторыі, чым Расея за апошні год. Крэмль быў вымушаны абвясціць надзвычайнае становішча ў Курскай і Белгародскай вобласці.

«Масква пакінула большую частку мяжы без аховы – дурная і самаўпэўненая пастанова. Да таго ж украінцы ведаюць, што расейскае войска найбольш слабое, калі яму даводзіцца хутка рэагаваць. Улюбёная Крамлём жорсткая мадэль кіраўніцтва зверху ўніз, якая запавольвае прыняцце пастановаў і перашкаджае самастойнаму мысленню і дзеянням, ведае толькі масу і знясіленне», – гаворыцца ў аглядзе.

Аўтар падкрэслівае, што войска РФ не можа прыстасавацца да тэмпу на полі бою. Паводле ягоных словаў, тактыка Украіны і нечаканасць, з якой яна была ўжытая, можа не пратрымацца і тыдня, але гэтага і не трэба. УСУ ўжо даказалі, што такія рэчы можна зрабіць і могуць выкарыстоўваць досвед на іншых кірунках.

Журналіст расказвае, што ў гэтым выпадку сухапутныя войскі Кіева дзейнічаюць, як марская ўдарная група, якая мае магчымасць наносіць удары ўздоўж і ўпоперак узбярэжжа. Праціўнік ніколі не ведае дакладна, дзе будзе наступны ўдар. Гэта дзейсны спосаб для Украіны трымаць Расею ў напружанні.

Пуціна таксама павінна турбаваць тое, што Украіна прадэманстравала здольнасць ужываць манеўр з выкарыстаннем камбінаваных узбраенняў, пры якім танкі, пяхота, інжынеры могуць дзейнічаць узгоднена і не ператварацца ў «бязладную кашу». Аглядальнік падкрэслівае, што гэта надасць упэўненасці не толькі кіеўскім войскам і ўсяму ўкраінскаму грамадству, але і заходнім спонсарам. Яны змогуць убачыць аддачу ад сваіх інвестыцый у вайсковую тэхніку.

Калі паказаць, што расейскае войска можна перамагчы ў палявых умовах, то на фоне ўсё больш гучных заклікаў да перамоваў Украіна можа спланаваць яшчэ адну раптоўную атаку і тым самым узмацніць свае козыры.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках