Туск не плануе балатавацца ў прэзідэнты Польшчы
3- 16.08.2024, 21:17
- 5,214
Прэм'ер-міністр Польшчы найбольш верагодным кандыдатам ад сваёй партыі называе мэра Варшавы.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск адхіліў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта РП у 2025 годзе. Пра гэта паведамляе РАР.
Паводле ягоных словаў, супольная кандыдатура ад «Грамадзянскай кааліцыі» ці ўсёй «Кааліцыі 15 кастрычніка» павінна быць абвешчана да Калядаў. Аднак Туск зазначыў, што не плануе змагацца за пасаду прэзідэнта.
«Я не збіраюся вылучаць сваю кандыдатуру. Найбліжэйшыя гады – гэта сапраўды вельмі сур'ёзнае выпрабаванне. Я адчуваю сябе кампетэнтным і добрым там, дзе я ёсць», – сказаў палітык.
Ён таксама дадаў, што найбольш верагодным кандыдатам называе мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага.
«Не выпадкова, што Рафал Тшаскоўскі ва ўсіх апытаннях уяўляецца найбольш прымальнай кандыдатурай. І гэта найбольш верагодны сцэнар», – падкрэсліў польскі прэм'ер.