«Нам абяцалі, што мы ўвогуле не будзем браць удзел у баях, але нешта пайшло не так»
11- 18.08.2024, 13:37
- 12,874
Амерыканскія журналісты паразмаўлялі з палоннымі расейскімі навабранцамі.
Больш за 250 прызыўнікоў былі ўзятыя ў палон Узброенымі сіламі Украіны (УСУ) падчас баявых дзеянняў у Курскай вобласці, піша The Washington Post у сваім рэпартажы з ізалятара для расейскіх салдат.
Са слоў начальніка ўстановы, за апошнія 10 дзён праз гэтую турму прайшло 320 расейцаў, якія накіроўваліся ў іншыя папраўчыя лагеры ва Украіне. Ён удакладніў, што большасць з іх - салдаты-тэрмінавікі, і толькі блізу 20% з'яўляюцца кантрактнікамі або мабілізаванымі.
Расейскія салдаты расказалі журналістам, што з імі добра абыходзіцца і ім была нададзеная неабходная медыцынская дапамога. Прызыўнікі ўдакладнілі, што ў турме знаходзяцца прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Зняволеным вайскоўцам далі паперу і прылады, каб яны маглі напісаць лісты родным.
Адзін з вайскоўцаў тэрміновай службы паведаміў The Washington Post, што параніў сябе гранатай у надзеі памерці і не трапіць у палон. З яго слоў, украінскія вайскоўцы надалі яму першую дапамогу, а затым эвакуявалі ў клініку, дзе яму зрабілі рэнтген і правялі аперацыю па выдаленні аскепкаў з ран.
«Мы не хацелі ваяваць. Нам абяцалі, што мы ўвогуле не будзем браць удзел у баявых дзеяннях. Але нешта пайшло не так», - распавёў выданню 22-гадовы Мікалай, прызыўнік з Чэлябінска.
З яго слоў, украінскія войскі атакавалі іх штаб 6 жніўня, а камандзіры кінулі салдат, не даўшы ўказанняў аб тым, што рабіць далей. Баючыся, што іх заб'юць, калі яны застануцца, хлопцы тры дні ішлі па лясах і балотах і «спалі на халоднай зямлі», дзе наткнуліся на групу ўкраінскіх вайскоўцаў.
У мінулую пятніцу ў вайсковай частцы №12721, размешчанай у горадзе Клінцах Бранскай вобласці, «Вёрстцы» распавялі, што дзясяткі вайскоўцаў патрапілі ва ўкраінскі палон падчас баявых дзеянняў пад Курскам. Сваякі 102 расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку салдат-тэрмінавікаў, паведамілі аб знікненні сваіх блізкіх.
Дакладна не вядома, колькі расейскіх вайскоўцаў патрапілі ў палон да УСУ падчас баёў у Курскай вобласці, але, як піша Independent, спасылаючыся на інфармаваную крыніцу сярод украінскіх вайскоўцаў, іх можа быць 2 тысячы чалавек, у тым ліку салдат тэрміновай службы. Financial Times яшчэ 13 жніўня паведамляла аб «некалькіх сотнях» палонных. Sky News са спасылкай на супрацоўніка ўкраінскага цэнтра працы з палоннымі паказвае, што сярод іх ёсць салдаты тэрміновай службы ва ўзросце ад 19 да 21 года.