Саліван: Абмен зняволенымі не азначае паслаблення санкцый супраць Расеі
19- 2.08.2024, 10:37
- 5,738
Дарадца Байдэна растлумачыў пазіцыю ЗША.
Шматбаковае пагадненне аб абмене зняволенымі не азначае скасавання якіх-небудзь санкцый супраць Расеі, заявіў дарадца прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.
«Прэзідэнт публічна і неаднаразова на працягу двух гадоў выразна даваў зразумець кошт і наступствы агрэсіі (Расеі супраць Украіны - рэд.), якая супярэчыць інтарэсам ЗША», - сказаў Саліван, адказваючы на пытанне журналіста, ці казаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн расейскаму лідару Уладзіміру Пуціну аб кошце арышту і ўтрыманні грамадзян ЗША.
Саліван паўтарыў папярэднія каментары Байдэна, што прэзідэнт ЗША не мае намеру размаўляць з Пуціным, дадаўшы, што расейскі лідар «разумее пазіцыю прэзідэнта».
Дарадца Белага дома таксама заявіў, што абмен палоннымі, над якім працавалі Злучаныя Штаты, уключаў расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Навальны памёр у турме пры падазроных абставінах 16 лютага, і Саліван стаў першым чыноўнікам ЗША, які публічна пацвердзіў, што палітык быў часткай магчымага абмену.
У звароце 1 жніўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсліў, што ў цяперашні абмен зняволенымі былі ўключаны некаторыя паплечнікі Навальнага - Лілія Чанышава, Ксенія Фадзеева і Вадзім Астанін.