31 кастрычнiка 2024, Чацвер, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WSJ: Вызвалены падчас абмену забойца Красікаў быў вельмі блізкі да Пуціна

4
WSJ: Вызвалены падчас абмену забойца Красікаў быў вельмі блізкі да Пуціна
ВАДЗІМ КРАСІКАЎ

Ён старанна мыў рукі і рабіў манікюр.

Вадзім Красікаў быў ключом да маштабнага абмену зняволенымі, які прайшоў у чацвер паміж Расеяй і заходнімі краінамі. Ён адбываў пажыццёвы тэрмін за забойства ў Нямеччыне, а прадстаўнікі Уладзіміра Пуціна неаднаразова давалі зразумець амерыканцам, якія ўдзельнічалі ў перамовах аб абмене, што расейскі прэзідэнт зацікаўлены толькі ў вяртанні Красікава. Ён мог быць ахоўнікам Пуціна яшчэ ў 1990-я гг., калі той працаваў у мэрыі Пецярбурга, а таксама змагацца з удзельнікамі рэвалюцыі на Майдане ў Кіеве ў 2014 г., піша The Wall Street Journal.

У 2021 г. супрацоўнік ФСБ Красікаў быў асуджаны за забойства двума гадамі раней у Бэрліне Зелімхана Хангашвілі, які ваяваў супраць Расеі ў другой чачэнскай і ў грузінскай войнах. Пасля прысуду Пуцін, размаўляючы праз відэасувязь з прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бяспекі, патрабаваў вярнуць ветэрана афганскай вайны і калегу-шпіёна, які пачаў адбываць тэрмін у Нямеччыне, дзе Пуцін служыў рэзідэнтам КДБ у часы халоднай вайны.

Яны былі настолькі блізкія, што разам наведвалі стрэльбішча. Пуцін "добра страляе", казаў Красікаў сваёй сям'і. Пра гэта на судзе ў Бэрліне і ў інтэрв'ю WSJ распавёў Аляксандр Вадарэз, брат другой жонкі Красікава. Яна родам з Харкава, і ўкраінскія сваякі і спецслужбы вельмі дапамаглі нямецкім пракурорам падчас працэсу.

Настойлівасць Пуціна прымусіла заходнія спецслужбы меркаваць, што Красікаў быў ягоным целаахоўнікам; аналітыкі з Расеі падазравалі, што яны былі знаёмыя яшчэ з таго часу, як Пуцін быў намеснікам мэра Пецярбурга.

Красікаў вёў раскошны лад жыцця. Яны з жонкай жылі ў дарагой маскоўскай кватэры, і яна скардзілася сваякам, што ён так часта мяняе машыны, Porsche і BMW, што яна не паспявае звыкаць імі кіраваць. Ён зарабляў $10 000 на месяц плюс бонусы за, як ён казаў, выправы, якія маглі доўжыцца па некалькі тыдняў.

Яшчэ адна цікавая дэталь: ён старанна мыў рукі і рабіў манікюр. Манікюр ён нават замовіў і зрабіў у гатэлі ў Варшаве, адкуль выехаў у Бэрлін для забойства Хангашвілі, высветлілася на судзе.

Паводле расследавання The Insider, Bellingcat і Der Spiegel, Красікаў служыў у спецназе ФСБ "Вымпел" і ўдзельнічаў мінімум у двух заказных забойствах у Расеі. Гэта было пацверджана і падчас судовага пасяджэння ў Бэрліне. Пракуроры атрымалі запіс з камеры назірання, якая захавала забойства бізнэсоўца Альберта Назарава ў Маскве ў 2013 г. Яно было ўчынена гэтак жа, як забойства Хангашвілі: кілер пад'ехаў ззаду на ровары і стрэліў у спіну.

Са слоў украінскіх выведчыкаў, Красікаў таксама быў чальцом таемнай групы ФСБ, якая працавала з былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, піша WSJ.

Прадстаўнікі заходніх і ўкраінскіх спецслужбаў мяркуюць, што ён уваходзіў у групу снайпераў, якая пачала страляць па дэманстрантах на кіеўскім Майдане ў лютым 2014 г., калі Януковіч пачаў страчваць уладу. У выніку прэзідэнту давялося ўцякаць, а ад дзеянняў снайпераў загінула больш за 100 чалавек.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках