Наталля Радзіна: Відаць, што Лукашэнка ў паніцы
23- 22.08.2024, 21:44
- 46,446
Абараняць дыктатара няма каму.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна мяркуе, што апошнія заявы Лукашэнкі ў інтэрв'ю расейскаму прапагандысту Яўгену Папову прадыктаваныя страхам. Пра гэта яна расказала на YouTube-канале вядомага журналіста Яўгена Кісялёва:
- Я ўбачыла ў хаатычным інтэрв'ю Лукашэнку ягоны страх і няўпэўненасць у сённяшнім становішчы. Упэўнена, што яго напалохаў уваход украінскага войска ў Курскую вобласць. Лукашэнка цудоўна разумее, што наступнай можа быць і Беларусь. Ён бачыць, што ўжо два тыдні ідуць баі, Пуцін не ў стане выцесніць украінцаў са сваёй тэрыторыі. УСУ прасоўваюцца, у адказ адпраўляюцца расейскія жаўнеры тэрміновай службы. Відавочна, што сіл не стае.
Лукашэнка ў паніцы, ён проста баіцца, і гэтае інтэрв'ю таму пацвярджэнне. З аднаго боку, былі супярэчлівыя заявы аб тым, што «неабходна весці перамовы і жыць у згодзе», з другога - пагрозы выкарыстання ядзернай зброі. Потым Лукашэнка зноў кляўся ў вернасці Пуціну, а потым гаварыў аб неабходнасці міру. Кажа, што «расейцы, украінцы і беларусы будуць жыць разам», а затым абражае ўкраінскіх жанчын і пагражае прэзідэнту Зяленскаму. Відаць, што чалавек у паніцы.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org расказалала, што Лукашэнка баіцца ўдараў УСУ па вайсковых аб'ектах на тэрыторыі Беларусі. Менавіта таму дыктатар перакінуў сілы СПА і авіяцыю на беларуска-ўкраінскую мяжу:
- Маштабная атака ўкраінскіх дронаў на Маскву, думаю, яго таксама моцна спалохала. Сёння Масква, а заўтра можа быць Менск. Нагадаю, што ў Беларусі сёння знаходзяцца дзве вайсковыя базы, якія могуць быць аб'ектамі для ўкраінскіх удараў. Гэта радыёлакацыйная станцыя ў Ганцавічах і вузел сувязі ВМФ РФ у Вілейцы. Думаю, што Лукашэнка вельмі моцна баіцца за ўласную бяспеку і разумее, наколькі ён безабаронны ў гэтай вайне.
Калі Пуцін не ў стане абараніць Курскую вобласць, то дзе гарантыі, што калі ўкраінскія войскі ўвойдуць у Беларусь, ён будзе бараніць гэты рэжым. Лукашэнка цудоўна разумее, што беларускае войска не будзе за яго паміраць. Стаўленне беларускага народа да сябе ён таксама цудоўна ведае.
Яўген Кісялёў спаслаўся на паведамленні ў Telegram-каналах, што ў Курскай вобласці на баку РФ нібыта ваююць беларускія вайскоўцы. Наталля Радзіна мяркуе, што гэтая інфармацыя можа быць праўдзівай:
- Нам вядома, што Сілы спецыяльных аперацый ўваходзілі разам з расейскім войскам у 2022 годзе ва Украіну. Мне гэта асабіста пацвярджалі ўкраінскія крыніцы. Потым яны былі адкінутыя. Частка з іх загінула, частка вярнулася ў Беларусь.
І зараз частка Сіл спецыяльных аперацый магла быць кінута ў Курскую вобласць. Могуць кагосьці ўзяць з 38-й Берасцейскай дэсантна-штурмавой брыгады, 103-й Віцебскай і 105-й з Мар'інай Горкі.
Нагадаю, што ў Курскай вобласці знаходзяцца беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны. Інтэрнэт абляцела відэа з танкам пад бел-чырвона-белым сцягам, які ехаў па населеным пункце ў Курскай вобласці. Высветлілася, што гэта былі байцы беларускага танкавага падраздзялення «Тур», якое ўваходзіць у 225 АШБ УСУ. Гэтае відэа моцна натхніла беларусаў і вельмі напалохала самога Лукашэнку.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што санкцыі ўжо прымусілі Лукашэнку пайсці на саступкі, а ціск трэба толькі нарошчваць:
- Мяркуючы з дзеянняў, якія сёння робіць беларуская ўлада, яны вельмі моцна баяцца санкцый. Рэжым хоча, каб іх знялі. Цяпер Лукашэнка пачаў вызваляць пэўную колькасць палітвязняў. Была інфармацыя, што ён падпісаў указ аб памілаванні 30 вязняў сумлення.
Пакуль мы ведаем толькі палову прозвішчаў вызваленых. Гэта людзі з сур'ёзнымі захворваннямі, паджылыя вязні. Іх прымушаюць падпісваць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Вядома, гэта кропля ў моры, калі параўноўваць з той колькасцю вязняў, якая знаходзіцца ў турмах. Адзначу, што рэпрэсіі не спыняюцца. Вызваляецца 30 чалавек, але арышты і захоп закладнікаў працягваюцца кожны дзень.
Лукашэнка разумее, што не выжыве ў сённяшніх умовах. Эканоміка Беларусі мае патрэбу ў наладжванні стасункаў з Захадам. Думаю, што зараз яны спрабуюць весці перамовы аб зняцці эканамічных санкцый, сярод іншага - з «Беларуськалія».
Пасля ўвядзення санкцый Беларусь страціла і еўрапейскі рынак, і ўкраінскі. І сітуацыя сёння ў эканоміцы кепская. Відаць, што Пуцін не можа ўкладвацца ў Беларусь у ранейшым аб'ёме, бо для самой Расеі надыходзяць складаныя часы. Спансаваць яшчэ беларускі рэжым - дорага. Да ўвядзення санкцый 60% гандлю прыпадала на Еўразвяз і Украіну. Рэжым не змог кампенсаваць гэтыя страты за кошт Расеі.
Сёння неабходна жорстка адсочваць выкананне тых санкцый, якія ўжо ўведзеныя. Важна, каб яны не абыходзіліся, а іх, на жаль, сёння парушаюць. Трэба ўводзіць другасныя санкцыі супраць тых краін, якія дапамагаюць абыходзіць абмежаванні, уведзеныя супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Тады санкцыі буду па-сапраўднаму дзейснымі і біць па рэжыме.
Але нават тыя санкцыі, якія ёсць, мяркуючы з паводзін Лукашэнкі, працуюць. Важна іх захоўваць. Нельга іх касаваць і ісці на саступкі рэжыму, здымаючы санкцыі супраць таго ж «Беларуськалія» за некалькі дзясяткаў вызваленых зняволеных. Трэба захоўваць санкцыі да вызвалення апошняга палітвязня ў Беларусі.
Наталля Радзіна адзначае, што цікавасць беларусаў да незалежных СМІ толькі расце:
- Для мяне гэта добрая сацыялагічная служба і «барометр настрою» ў грамадстве. Я бачу, што аўдыторыя сайта «Хартыя» толькі расце, а ў некаторыя месяцы яна нават вышэйшая, чым падчас рэвалюцыйных падзей 2020 года. Гэта сведчыць аб тым, што людзі не змірыліся, нягледзячы на ўсе рызыкі чытання рэсурсу, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Беларусы чакаюць добрых навін і хацелі б жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне. Значная частка беларускага грамадства супраць, нягледзячы на тое, што адбывалася цягам апошніх чатырох гадоў – рэпрэсіі і вайну, у якой удзельнічае Лукашэнка.
З чым звязаныя заявы Лукашэнкі аб тым, што «беларусам трэба звыкаць, што ён не вечны»? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што дыктатар баіцца нявызначанасці:
- Лукашэнка перад кожнымі выбарамі пачынае плакацца, што «ён не вечны, можа памерці, пакрыўдзіцца і сысці». І разлічвае, што ўсе будуць плакаць. Але штораз ідзе на выбары, фальсіфікуе іх, разганяе пратэсты і застаецца.
На гэты раз сітуацыя можа быць іншай. Бо зусім іншая і геапалітычная сітуацыя, і сітуацыя ў Беларусі. Таму Лукашэнка так і спяшаецца правесці выбары (паводле некаторых звестак яны могуць прайсці ўжо ў лютым 2025 года — заўв.), бо не ведае, якая сітуацыя будзе да лета.
Украіна наступае. Якая вобласць будзе наступнай пасля Курскай? Маскву бамбуюць дронамі. З гэтым і звязаны спех Лукашэнкі. Думаю, Пуцін зараз не зацікаўлены ў тым, каб яго замяніць - халуёў на пераправе не мяняюць. Тым больш - у ваенны час.
Некаторыя экспэрты гавораць, што Лукашэнка не пойдзе на выбары. Бо стан здароўя жудасны. Пакуль я не магу ўявіць, каго ён замест сябе паставіць. Можа, гэта будзе нехта з чыноўнікаў — Вальфовіч, Галоўчанка ці тая ж Пяткевіч. Пакуль я ў гэты сцэнар не надта веру. Але не магу са 100%-й упэўненасцю сказаць, што ён выключаны.
Нагадаю, што нядаўна Лукашэнка падпісаў указ аб тым, што ўводзіцца крымінальная адказнасць за абразу і прымяненне насілля ў дачыненні да былога кіраўніка дзяржавы і ягонай сям'і. Ці то Лукашэнка зразумеў, што ён сапраўды не вечны, ці то падсцілае саломку, бо не ведае, што можа адбыцца. Бо хто два тыдні таму мог прадказаць аперацыю УСУ ў Курскай вобласці? Учора мы не маглі ўявіць, што будзе масаваная атака Масквы дронамі.
Ці можа ў Беларусі здарыцца страйк? Беларуская журналістка расказала, што з часам для гэтага могуць скласціся ўсе ўмовы:
- Лукашэнка ў інтэрв'ю заявіў, што «беларусы павінны самі сябе забяспечваць». Я потым чытала абураныя каментары людзей. Беларусы казалі: «За што мы плацім падаткі!?». Калі мы паглядзім рэспубліканскі бюджэт, то ільвіная дзель ідзе на разадзьмуты чыноўніцкі апарат, сілавыя структуры і войска. Мінімум ідзе на адукацыю, на медыцыну, на інфраструктуру. Калі ўжо Лукашэнка пачынае казаць, што «дзецюкі, выжывайце самі», то не выключаю страйкаў у пэўны час.
Якая падзея прымусіць беларусаў выйсці на пратэсты? Наталля Радзіна выказала меркаванне, што трыгерам можа стаць перамога Украіны і параза Расеі:
— У гэты момант у беларусаў будзе шанец дабіцца свабоды для сваёй краіны. Вельмі важна, каб у гэты час Крамлю было не да нас. Хаця, калі паглядзець на сённяшнія падзеі, то Крамлю і не да Курскай вобласці.
Пуцін сёння не ў стане абараніць уласныя рубяжы. Каго ён будзе кідаць у Беларусь? Жаўнераў тэрміновай службы, якіх не стае нават для абароны Курскай вобласці? Мабілізацыю, мяркуючы з усяго, ён абвяшчаць баіцца.
Мне цікава, чаму Пуцін назваў «контртэрарыстычнай аперацыяй» ваенныя дзеянні ў Курскай вобласці. Можа, з той прычыны, што калі ён назаве вайну вайной, да яго ніхто не прыйдзе на дапамогу?
Калі чачэнцы разбягаюцца і не хочуць ваяваць за Расею, то хто, казахі пойдуць ваяваць за Расею, калі мы возьмем АДКБ. Беларусы? Не пойдуць. І таджыкі з казахамі і армянамі не пойдуць.
А хто будзе абараняць той самы рэжым Лукашэнкі? Апошняя навіна, якую я прачытала перад нашым эфірам: у Арменіі закідалі яйкамі і бульбай пасольства Беларусі з-за слоў Лукашэнкі аб тым, што «каму гэтыя армяне патрэбныя, акрамя нас». Вучыцца ў алкаголіка Мядзведзева? Школа Лаўрова? Вось і якое пасля гэтага АДКБ.
Абараняць дыктатараў няма каму. Таму Лукашэнка спрабуе выжыць сам. Не думаю, што ў яго атрымаецца.