22 жнiўня 2024, Чацвер, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фейгін: Лукашэнка зараз дзейнічае паводле прынцыпу самавыжывання

2
Фейгін: Лукашэнка зараз дзейнічае паводле прынцыпу самавыжывання
МАРК ФЕЙГІН

А гэты прынцып доўга не працуе.

Расейскі адвакат і вядомы блогер Марк Фейгін пракаментаваў стасункі беларускага дыктатара з Украінай і Захадам.

- Гэтая сталая рыторыка Лукашэнкі аб тым, што паваявалі і годзе, трэба садзіцца за стол перамоў і іншае - гэта яго клопат пра сябе, - адзначыў Марк Фейгін у інтэрв'ю на YouTube-канале Дзмітрыя Гардона. - Таму што працяг вайны непрадказальны перш за ўсё для яго. Усякае замірэнне, нават на ўмовах Украіны.

Калі Масква не атрымлівае таго, што хоча, што можна трактаваць як адназначную перамогу, Лукашэнка ў гэтай сітуацыі набывае нейкую самастойную сілу, і як пасярэднік, і як чалавек, які кажа, вось, я ж усімі фібрамі супраціўляўся, як мог, яны хацелі другі раз пайсці з поўначы на Украіну, а я не дапусціў.

Такое, канешне, будзе. І Лукашэнка больш за ўсіх зацікаўлены ў пачатку перамоў.

Больш за тое, зразумела, вайсковыя выведкі Беларусі і Украіны абменьваюцца інфармацыяй, усё перадаецца непасрэдна наверх.

Галоўны мэсэдж для Лукашэнкі - не ўздумаць ні пры якіх абставінах дапусціць новага паходу на Валынь або Кіеўскую вобласць. Што будзе потым, можа, і не гавораць прама, але ўсе ўсё разумеюць.

Не выключана, што Лукашэнка гэта і паабяцаў, што будзе рабіць усё, каб не паўтарылася наступу з тэрыторыі Беларусі. Ён можа гэта абяцаць, каб атрымаць для сябе індульгенцыю.

Фейгін выказаў і сваё бачанне дачыненняў беларускага дыктатара з Захадам.

- Ён зараз памілаваў нейкую колькасць палітвязняў. І ў такую гульню ён гуляў, мы гэта бачылі ў 2015 годзе, напрыклад. Цяпер хоча згуляць зноў гэтак жа. Бо для яго важная дыстанцыя з Пуціным.

Каб менавіта ў Захаду склалася адчуванне, што паміж імі ёсць дыстанцыя. Можа, яе і няма, можа, гэта гульня, але Лукашэнку важна паказаць: глядзіце, я магу прымаць самастойныя пастановы, я гатовы ісці на кампрамісы з Захадам, я гатовы адпускаць палітвязняў, аслабляць гэтыя гайкі.

Але думаю, што больш гэта не спрацуе, пагатоў, калі вайна скончыцца. Усё ж раней, калі ён змог вытаргаваць для сябе стасункі з Захадам, былі іншыя зыходныя. Да яго нават Пампэа ў 2020 годзе прылятаў і адкрываў працу пасольства ЗША ў Беларусі, якое зноў не працуе.

Больш гэтая гульня не спрацуе, але гэта не значыць, што Лукашэнка не мае такіх ілюзій, што ён гэтага не хоча. Ён гэтага вельмі жадае.

Таму што залежнасць ад Масквы найперш небяспечная асабіста для яго, для яго ўлады, яго родных. Зразумела, што ён хацеў бы пазбавіцца гэтага ціску.

Аднак, на маю думку, паўтаруся, гэта зрабіць будзе няпроста. Таму што наконт яго, шмат разоў казаў, Крэмль ніякіх ілюзіяў не мае. Яны цудоўна ведаюць, што ён з сябе ўяўляе.

Таму Лукашэнка зараз дзейнічае паводле прынцыпу самавыжывання. А гэты прынцып можа працаваць вельмі доўга і вельмі эфэктыўна, але не заўсёды. На нейкім этапе які-небудзь з бакоў усё ж не вытрымае, - мяркуе Фейгін.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках