23 жнiўня 2024, Пятніца, 16:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не паспееш адчыніць дзверы школы, як пачынаюцца зборы грошай»

5
«Не паспееш адчыніць дзверы школы, як пачынаюцца зборы грошай»

Крык душы беларускі.

Набліжаецца восень, а з ёй і новы навучальны год, якога я чакаю з трывогай: новая хваля ідэалагізаванай і мілітарызаванай лухты, новыя зборы і патрабаванні, піша чытачка сайта Charter97.org.

Самая я працую ў сферы культуры, заробкі, як вы, ведаеце тут мізэрныя. Я зарабляю 1 тысячу беларускіх рублёў. А ў школу трэба сабраць дваіх дзяцей. І таму мяне дужа палохаюць усе гэтыя эксперыменты са школьнай формай. Самая вялікая праблема для мяне — гэта купіць абутак для дзяцей, бо яго трэба досыць шмат. Адная пара на восень хадзіць у школу, плюс пара зменнага абутку і яшчэ пара спартовага абутку. І гэта толькі пачатак школы! Адзенне купляем зазвычай у сэкандах, або яго аддаюць сябры. Даношваць за старэйшым дзіцём не выпадае, бо маю дачку і сына. Ну і трэба мець грошы на пачатак школы, бо не паспееш адчыніць дзверы школы, як пачынаюцца зборы грошай. Аплаціць падручнікі, аддаць грошы ў бацькоўскі камітэт, купіць шматлікія дадатковыя сшыткі. Адным словам, верасень – страшная пара!

Канцылярскіх тавараў (алоўкі, фарбы, пластылін, асадкі) я купляю зусім мала, стараемся карыстацца тым, што засталося ад папярэдняга года. Дакупліваю на працягу года. Але скажыце мне, як пражыць на тысячу рублёў і сабраць дзяцей у школу? Добра, што мы ўдваіх з мужам, і ён мае ў паўтара раза большы заробак, але і гэтага не дастаткова!

Ведама ж, мне б хацелася, каб мае дзеці на пачатак года мелі ўсё новае, але жыццё нас заганяе ў рамкі, калі я вымушаная лічыць кожную капейчыну.

І больш за ўсё ў верасні мяне турбуе пытанне, а дзе ж падтрымка дзяржавы? У Польшчы, напрыклад, ведаю, што даюць перад школай кожнаму вучню грашовую дапамогу. А што маюць беларусы? Толькі прыгожыя казкі пра «сацыяльную дзяржаву».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках