22 снежня 2024, Нядзеля, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Сапега: беларускі магнат, які заваяваў усю Масковію

4
Ян Сапега: беларускі магнат, які заваяваў усю Масковію

Перад рашучай бітвай Сапега сказаў знакамітую фразу: «Айчына далёка. Выратаванне і гонар - наперадзе».

Ян Пётр Сапега, прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў гербу «Ліс», нарадзіўся ў 1569-м годзе ў сям'і Паўла Сапегі і Ганны Хадкевіч, прыходзіўся стрыечным братам канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Паводле адных звестак Ян Сапега нарадзіўся ў Магілёве, паводле іншых - у Быхаве, піша vklby.com.

Будучы чальцом аднаго з самых магутных магнацкіх родаў у Літве, ён атрымаў адпаведную адукацыю. Да 1587 года Ян Сапега вучыўся ў Віленскай акадэміі, затым працягнуў вучобу ў Падуанскім універсітэце. Выбар быў зроблены на карысць вайсковай прафесіі.

Першы баявы досвед Ян Пётр Сапега атрымаў у 1595-м годзе ў баях з крымскімі татарамі і валах падчас малдаўскіх войнаў. Затым узяў удзел у вайне Рэчы Паспалітай са швэдскім каралеўствам. І 7 студзеня 1601 года перамог у знакамітай бітве пад Вендэнам. Праз паўгода ён ледзь не загінуў у бітве пад Кокенгаўзэнам. А праз два гады ўдзельнічаў у разгроме швэдаў пад Ракверэ (Эстонія) і ва ўзяцці Дзерпта (сёння Тарту, Эстонія). Падчас бітвы пад Кірхгольмам камандаваў правым крылом Яна Карла Хадкевіча, гусарскімі і пяцігорскімі харугвамі, якімі і ўдарыў па ўведзеных у зман і выбітых са сваіх пазіцый швэдскіх рэйтараў. Здолеў выстаяць супраць флангавага ўдару швэдскіх коннікаў, накіраваных Карлам IX з апошняга свайго рэзерву. І менавіта дзякуючы стойкасці воінаў Сапегі, у Яна Хадкевіча з'явілася магчымасць адправіць у абыход ворага адно з сваіх ваенных падраздзяленняў, якое і ўдарыла па згалелым флангу швэдаў. За свае ваенныя заслугі Ян Пётр Сапега ў 1606-м ад караля Рэчы Паспалітай атрымаў у валоданне горад Усвят.

Сапега быў таксама ўдзельнікам Берасцейскай канфедэрацыі, якая ўтварылася праз запазычанасці што да абяцанага заробку войска. Улетку 1607-га года, падчас паўстання супраць караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якое ўзначаліў шляхціц Забжыдоўскі, стаў на бок кароны. Камандуючы гусарскай і казацкай харугвай, узяў удзел у разгроме паўстанцаў у бітве пад Гузавым.

Атрымаўшы адабрэнне свайго стрыечнага брата канцлера ВКЛ Льва Сапегі і супраць волі караля Рэчы Паспалітай, Ян Пётр Сапега прапанаваў сваю дапамогу Лжэдзмітрыю II у авалоданні Маскоўскім тронам. Сабраўшы добра падрыхтаванае дзвюхтысячнае войска ў ліпені 1608-га года, ён перайшоў літоўскага-маскоўскую мяжу.

Узяўшы Вязьму, сустрэўшы Марыну Мнішак з яе бацькам, Ян Пётр Сапега ўрачыста ўвёў іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. У кастрычніку 1608-га года разбіў трыццацітысячнае войска Івана Шуйскага пад Рахманавым, колькасць ворага пры гэтым удвая была большай. Падчас гэтай бітвы, пасля двух няўдалых нападаў, Сапега быў паранены куляй у галаву, аднак са словамі: «Айчына далёка. Выратаванне і гонар - наперадзе, а за плячыма - сорам і пагібель», - зноўку павёў наперад свае войскі. Войскі Шуйскага не вытрымалі гэтага націску і пабеглі.

16 месяцаў ён трымаў у аблозе Троіца-Сергіеў манастыр. Падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лютым 1610-га года ўзяў Дзмітраў. Праз месяц пацярпеў паразу ад маскоўскага-швэдскага войска пад камандаваннем Скопіна-Шуйскага. Аднак гэта параза не перашкодзіла яму ўлетку 1610 года ісці на Маскву, яго ж воіны абвясцілі Сапегу сваім гетманам. Па прыбыцці ў Маскву, дзе ўжо ўстанавілася сямібаяршчына, ён вёў перамовы аб перадачы ўлады Лжэдзмітрыю II.

Улетку 1611-га года Сапега прадоўжыў ваенныя дзеянні і заняў Аляксандраву Слабаду, затым абклаў Пераслаўль-Залескі і штурмам узяў Белы горад у Маскве. Гэтая была ягоная апошняя перамога.

Ян Пётр Сапега памёр ад хваробы ў Крамлі. Яго пахавалі ў Лепунах Гарадзенскага павета (сёння Лепоніс, Літоўская рэспубліка). Ад сваёй жонкі Сафіі Вейхер меў дачку Сюзану Сафію і сыноў Андрэя Станіслава, Яна, Фларыяна, Паўла Яна - будучага вялікага гетмана ВКЛ. Пасля сябе пакінуў дзённік, які вёў падчас свайго паходу на Маскву, цяпер дакумент знаходзіцца ў дзяржаўным архіве Швэцыі ў Стакгольме.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках