24 жнiўня 2024, Субота, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі жорстка выказаўся пра Расею ў віншаванні з Днём Незалежнасці Украіны

34
Зяленскі жорстка выказаўся пра Расею ў віншаванні з Днём Незалежнасці Украіны

І паабяцаў «парахавацца з тымі, хто сеяў зло».

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі павіншаваў украінцаў з Днём незалежнасці Украіны, звярнуўшыся да грамадзян з вёскі Могрыцы Сумскай вобласці, што за некалькі кіламэтраў ад мяжы з Расеяй.

Падаём тэкст выступу ўкраінскага прэзідэнта:

Дарагі народзе!

Украінцы заўсёды вяртаюць пазыкі. І той, хто зычыў нашай зямлі бяды, атрымае яе ў сябе дома. З адсоткамі. Той, хто хоча сеяць на нашай зямлі зло, будзе пажынаць яго плады на сваёй тэрыторыі.

Гэта не прароцтва, не злараднасць, не сляпая помста, гэта — заканамернасць. Справядлівасць. Бумеранг для зла. І яго старт пачаўся непадалёк ад месца, дзе я запісваю гэты зварот. Сумшчына. Магрыца. Рака Псел. За некалькі кіламэтраў ад нашай мяжы.

Межы паміж Украінай і няволяй, паміж жыццём і смерцю. Межы паміж незалежнай еўрапейскай дзяржавай і тэрарыстычнай арганізацыяй нумар адзін у свеце.

913 дзён таму ў тым ліку і праз Сумшчыну Расея пайшла на нас вайной. Парушыла не толькі суверэнныя межы, але і межы жорсткасці і разумнага сэнсу. Бязмежна імкнучыся да аднаго: знішчыць нас. Затое сёння мы адзначаем 33-і Дзень Незалежнасці Украіны. А тое, што нёс на нашу зямлю вораг, цяпер вярнулася ў ягоны дом. І той, хто хацеў ператварыць нашы землі ў буферную зону, мае думаць, каб ягоная краіна не стала буфернай федэрацыяй. Так адказвае незалежнасць. Адплачвае за нашых цывільных грамадзян, на якіх ляцяць КАБы і Кінжалы, за нашых пасівелых бацькоў, за нашых дзяцей, якія вымушаны вучыцца пад зямлёй. За ўсіх нашых людзей, якія прынялі б за лепшае ніколі ў жыцці не ведаць назваў гэтых праклятых месцаў: Саваслейка, Аленья, Энгельс. Але, на жаль, украінцы іх ведаюць. А таму і наш вораг будзе ведаць, што такое адплата па-украінску. Годная, сіметрычная, далёкасяжная. Будзе ведаць, што ў кожны пункт РФ, які з'яўляецца крыніцай небяспекі для жыцця нашай дзяржавы і нашых людзей, рана або позна прыляціць украінскі адказ.

Выцвілыя вочы іхняга начальніка ўспрымаюць увесь свет шэрай зонай. Але мы не дамо ператварыць у шэрую зону зямлі, дзе справядліва мае быць сіне-жоўты сцяг. Не будзе хворы старычына з Чырвонай плошчы, які ўвесь час пагражае ўсім чырвонай кнопкай, дыктаваць нам нейкія свае чырвоныя лініі. Як жыць, якім шляхам ісці і які выбар рабіць, будуць для сябе вызначаць толькі Украіна і ўкраінцы. Бо так працуе незалежнасць.

Украіна чарговы раз здзіўляе. Расея чарговы раз у сваім рэпертуары. Так у цэлым паказваюць падзеі на Куршчыне сусветныя мэдыі. Паказваюць, як Расея ставіцца да сваіх грамадзян, якіх называе «насельніцтва». Як менавіта Расея сваіх "не кідае". Як іхнія жаўнеры рабуюць свае ж крамы. Так выглядае пуцінская Расея ў вачах усяго свету. І гэтак жа ўвесь свет бачыць, як нашы ваяры даюць мясцовым людзям ваду, ежу, лекі, а тыя кажуць: "Добра, што цяпер тут вы, а не кадыраўцы". Так выглядае годнасць Украіны. Цывілізаванасць. Цнота нашай незалежнасці.

33 гады таму Украіна адрадзілася на картах свету, а сёння Украіна скарае сэрцы ўсяго свету. Натхняе смеласцю. Служыць прыкладам, як не баяцца Пуціна. І аб'ядноўвае Зямлю вакол свайго, украінскага светапогляду: у XXI стагоддзі тэрарысты маюць спачываць у Гаазе, а не на Валдаі. І ніхто ў свеце больш не скажа: "Where is Ukraine?" Таму што на кожным кантыненце цяпер кажуць: “Ukraine must win”. Гэта сілкуе нашу незалежнасць. Нашу Украіну. Ёй не бракуе чужых абласцей. Нам патрэбны мір і спакой на нашых землях. Уздоўж усёй нашай мяжы працягласцю 6992 кіламэтры. На сухазем’і, на моры, у паветры, унутры краіны — усюды, дзе мы будзем стаяць на варце сваіх вартасцяў.

Так, як гэта робяць нашы ваяры. На ўсіх кірунках фронту і дзяржаўнай мяжы, якую ўвасабляюць памежныя слупы. А нашу волю і барацьбу сымбалізуюць нашы людзі — нашы абаронцы, нашы апоры. Тыя, на чыіх плячах трымаецца Украіна. Трымаецца ў Харкаве, Купянску, Запарожжы, трымаецца на Херсоншчыне. У Пакроўску, Тарэцку, Часавым Яры. На Ліманскім, Северскім, Краматорскім, Курахаўскім, Врэмаўскім, Гуляйпольскім і Арэхаўскім кірунках. Так б'ецца незалежнасць. І ўсім нашым ваякам я хачу сёння сказаць: зычу моцнага! І дзякуй вам, хлопцы! Калі ўзнікла неабходнасць абараняць Украіну, вы сказалі сцісла: плюс. З таго часу 913 дзён запар «мінусуеце» акупантаў. Толькі вы ведаеце, колькі за сухой статыстыкай аб стратах ворага напраўду стаіць намаганняў, поту, крыві і вашай звышцяжкай працы. Толькі вы ведаеце, што напраўду азначае трымаць пазіцыю. Што такое "цэлы дзень пляжыць варожая арта і авіяцыя". Што такое стаяць моцна нягледзячы на тое, што "оркі сунуцца". Вы захавалі і захоўваеце нашу незалежнасць.

Я дзякую кожнаму, хто дапамагае нашым ваярам і нашай дзяржаве, усім, хто жыве і працуе, каб працавала і жыла незалежнасць. Нашы медыкі, нашы ратавальнікі, нашы пажарнікі, энэргетыкі, нашы валанцёры і прадпрымальнікі, паліцыянты і фермеры, чыгуначнікі, настаўнікі і вучні. Усё. Украінцы і ўкраінкі тут, украінцы і ўкраінкі за мяжой, якія дапамагаюць, знаходзяць, адпраўляюць неабходнае, гавораць свету аб Украіне. І ўсе, хто з Украінай на часова акупаваных нашых тэрыторыях. Усе ўкраінцы і ўкраінкі, чыя сіла не мае меж, чыя воля бязмежная. Усе, каму я бясконца ўдзячны. І сёння. І за кожны з 913 дзён гэтай вайны. За справу кожнага і кожнай з вас. За тое, што даводзіце: незалежнасць — справа кожнага і кожнай. І яна мае шмат вымярэнняў. Кожнае з якіх трэба здабываць, каб абараніць незалежнасць усёабдымную. Гэта эканамічная, гэта энэргетычная незалежнасць. Гэта духоўная незалежнасць украінскага народа. І ўкраінскае праваслаўе сёння робіць крок да вызвалення ад маскоўскіх чарцей. Гэта і ўвасабленне справядлівасці што да ўзнагарод незалежнай Украіны, якія больш ніколі не будуць насіць тыя, хто ёй здрадзіў. Гэта ўвасабленне справядлівасці ў дачыненні да герояў-іншаземцаў, якія абараняюць Украіну на фронце і заслугоўваюць украінскай павагі — нашага грамадзянства. Гэта няўхільныя працэсы, якія пачатыя намі сёння. Так умацоўваецца незалежнасць.

І моцная мяжа мае быць паміж намі і ворагам, а паміж украінцамі не будзе ніякіх муроў. Бо Украіна — у кожным з нас. Незалежнасць —- у кожным з нас. І, аб'яднаныя, мы здольныя перамагаць. Гэта давяло 24 лютага. Давёў 2022-гі і 2023 год. Даводзіць і гэты год. Мы выстаялі, стрымалі і далі адпор ворагу, а цяпер робіцца гэта на ягоных балотах.

Мы ведаем, што такое незалежнасць. Як цяжка яе адрадзіць. Як цяжка яе абараніць. Але мы ведаем: усё залежыць ад нас.

Мы ведаем, як выглядае незалежнасць. Раніцай 24 лютага яна была ў нашых поглядах. Сёння незалежнасць — у акопах на ўсіх кірунках. Яна ў нашых местах і сёлах: у кожным эпізодзе, калі мы знаходзім найлепшае ў сабе, знаходзім у сабе Украіну і змагаемся за яе. Незалежнасць сёння мае стомленыя вочы, якія бачылі ўсё. Незалежнасць усміхаецца, калі ўкраінцам удаецца. Незалежнасць — гэта цішыня, калі мы трацім сваіх людзей. Незалежнасць — гэта клятва ніколі не забыцца на палеглых герояў. Незалежнасць мае прысмак дыму і пылу на полі бітвы і ў цывільным жыцці. Незалежнасць спускаецца ў сховішча падчас трывогі, каб выдужаць і падняцца наверх зноў і зноў сказаць ворагу: нічога ў вас не выйдзе. Не здалееце. Не пераможаце. І будзеце за ўсё адказваць.

Так адчуваецца намі свабода. Так выглядае Украіна. Так выглядае незалежнасць. А вось так яна гучыць:

З Днём Незалежнасці, украінцы і ўкраінкі!

Слава Украіне!

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках