24 жнiўня 2024, Субота, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай адмовіў рэжыму ва ўзаемнасці

Кітай адмовіў рэжыму ва ўзаемнасці

Грошай ад Пекіна не дапросішся.

Пасля дарагога кітайскага госця сёй-той учора сустрэў пасланца Папы Рымскага. З кітайскім госцем усё зразумела. Кітайскі госць камусьці не проста так дарагі. Кітайскі госць камусьці вельмі дарагі.

Таму што бескарыслівая любоў да брацкага кітайскага народа ў апошні час неяк перастала акупляцца. Брацкі кітайскі народ даўно кагосьці не цешыў сваімі інвестыцыямі. Экспарт беларускага калію ў Кітай за сем месяцаў упаў удвая, а за ліпень дык увогуле ў тры.

Таму ад Кітая камусьці хочацца вялікага чыстага кахання, і грошай. Але ў гэтых светлых пачуццяў ніяк не атрымліваецца знайсці сабе ўзаемнасці.

Але Папа Рымскі гэта табе не Кітай. У Папы Рымскага грошай не дапросішся, нават калі ў яго ёсць. А беларускім калійным угнаеннем у Ватыкане проста няма дзе змясціцца. Так што тут, як я разумею, сёй-той пасля раптоўнага прыступу гуманізму надумаў зладзіць геапалітычныя манеўры.

Бо адзін раз сёй-той такое з Папам Рымскім ужо рабіў і, відаць, падумаў, што можа паўтарыць. Правесці карэкцыю сваёй геапалітычнай арыентацыі. І гэта вядома выключна выпадковае супадзенне, што жаданне зрабіць геапалітычнай арыентацыі карэкцыю з'явілася на фоне поспехаў УСУ ў Курскай вобласці.

Не. Я праўда думаю, што гэтае выпадковае супадзенне. Што карэкцыяй сваёй геапалітычнай арыентацыі сёй-той хацеў заняцца даўно і з іншых прычын. Але падазраю, што ўкраінскія танкі ў Курскай вобласці гэтае жаданне прастымулявалі.

Бо сёй-той жа пагражаў NАТО не толькі сваімі генераламі. Некаторыя яшчэ пагражалі, што супольнік будзе абараняць яго межы як свае ўласныя. Што калі хто-небудзь, калі-небудзь, хоць адным пальцам наступіць на святыя рубяжы, то яму дасць адпор уся ваенная моц саюзнай дзяржавы.

І вось я хачу табе сказаць, што калі саюзнік будзе абараняць таго-сяго як ён абараніў Курскую вобласць, то лепш не трэба. Курскую вобласць саюзнік абараняе ўжо тры тыдні. І чым даўжэй ён абараняе сваю Курскую вобласць, тым менш ад гэтай Курскай вобласці застаецца.

З такімі поспехамі ўсё ідзе да таго, што пасля Курска саюзніку хутка давядзецца абараняць Белгарад. А пакуль да кагосьці дойдзе чарга, ад кагосьці ўвогуле нічога не застанецца.

І атрымліваецца, што абараніць кагосьці няма каму, акрамя ягоных, прабач, Госпадзі, генералаў. Ну, дык, ты ж бачыла гэтых генералаў. Вось нават мне смешна. А сёй-той ведае сваіх генералаў лепш за мяне. Беларускія генералы ўмеюць абараняць Стэлу ад нападу неверагоднага супраціўніка. А на верагоднага супраціўніка беларускія генералы не падпісваліся.

Так што геапалітычную арыентацыю сапраўды лепш злёгку падкарэктаваць. І пажадана з гэтай справай доўга не зацягваць. Бо калі доўга цягнуць, то можа так атрымацца, што карэктаваць не будзе каму.

Telegram-канал "Лісты да дачкі"

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках