Латвія ўзмацняе кантроль на мяжы за таварамі з Беларусі
- 25.08.2024, 17:40
- 3,310
Узмоцненыя меры будуць дзейнічаць да 23 лютага 2025 года.
Харчова-ветэрынарная служба (ХВС) Латвіі з 25 жніўня будзе праводзіць узмоцнены кантроль розных расейскіх і беларускіх тавараў у пунктах памежнага кантролю.
Пра гэта паведамляе Delfi.
Узмоцненыя праверкі праводзяцца з мэтай абмежавання рызык для здароўя людзей і жывёл, а таксама, у выпадку генетычна мадыфікаваных арганізмаў, для навакольнага асяроддзя.
У ведамстве адзначылі, што пастанова аб узмацненні кантролю прынятая на загад галоўнага харчова-ветэрынарнага інспектара на аснове ацэнкі вынікаў кантролю за перыяд з 1 красавіка да 31 ліпеня 2024 года.
Гэтыя вынікі паказалі, што на кантроль па-ранейшаму працягваюць паступаць партыі харчавання і кармоў расейскага і беларускага паходжання, пры гэтым захоўваюцца асцярогі наконт іх бясшкоднасці, асабліва ў пачатку новага сезона жніва.
Узмоцненыя меры кантролю будуць дзейнічаць да 23 лютага 2025 года.