26 жнiўня 2024, панядзелак, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арышт Паўла Дурава: што вядома на гэты момант

24
Арышт Паўла Дурава: што вядома на гэты момант

Афіцыйнай інфармацыі няма амаль дзень.

Заснавальнік і кіраўнік мэсэнджара Telegram Павел Дураў прыехаў у Францыю, улады якой выпісалі ордэр на ягоны арышт. Дураў быў затрыманы паліцыяй у аэрапорце «Ле Буржэ», паведамілі французскія СМІ.

З іх звестак, праваахоўныя органы Францыі разглядаюць Telegram як рассаднік злачыннасці і незадаволеныя адмовай Дурава жорстка мадэраваць кантэнт і супрацоўнічаць з уладамі ў раскрыцці інфармацыі аб карыстальніках, якія падазраюцца ў распаўсюджванні наркотыкаў, дзіцячай парнаграфіі і махлярстве, піша ВВС.

Арышт Дурава, пра які няма ніякай афіцыйнай інфармацыі вось ужо амаль дзень, выклікаў гучную рэакцыю і абвінавачанні ў абмежаванні свабоды слова. Незадаволенасць выказваюць як афіцыйныя асобы ў глыбока зацэнзураванай Расеі, так і апаненты рэгулявання інтэрнэту на Захадзе на чале з уладальнікам сеткі X Іланам Маскам.

Дураў апроч расейскага мае французскае грамадзянства. Са звестак крыніц французскага тэлеканала TF1, ён ведаў, што абвешчаны ў вышук і пазбягаў наведвання Францыі. Чаму ён прыехаў, яны не разумеюць, і называюць «памылкай» вяртанне Дурава, які пражывае ў Дубаі, у ЕЗ.

39-гадовы мільярдэр прыляцеў з Азербайджана на асабістым самалёце. Яго суправаджалі целаахоўнік і неназваная жанчына.

У нядзелю Дураў павінен паўстаць перад суддзёй.

TF1 піша са спасылкай на следчага, што пракуроры будуць прасіць узяць яго пад варту, бо думаюць, што ён лёгка ўцячэ з краіны. Для гэтага ў Дурава ёсць усе магчымасці: самалёт, пашпарты і гіганцкія грошы.

Ніякіх афіцыйных абвяшчэнняў аб затрыманні Дурава французскія ўлады дагэтуль не зрабілі.

Пракуратура Парыжа абяцала даць больш інфармацыі аб тым, што адбываецца ў панядзелак, 26 жніўня. «Поўная заява для прэсы будзе апублікаваная заўтра», - сказаў агенцтву прадстаўнік пракуратуры.

У справе ўвогуле вельмі мала падрабязнасцяў. Расейскае пасольства ў Францыі паскардзілася ў нядзелю, што французы ўсе запыты ігнаруюць.

«Пасля з'яўлення ў СМІ навіны аб затрыманні Дурава неадкладна запыталі ў французскіх уладаў тлумачэнні аб прычынах і запатрабавалі забяспечыць абарону ягоных правоў і даць консульскі доступ. На сённяшні дзень французскі бок пакуль ухіляецца ад узаемадзеяння ў гэтым пытанні», - напісала амбасада ў Facebook і паведаміла, што знаходзіцца ў кантакце з адвакатам Дурава.

Свабода слова ці злачынная халатнасць

Затрыманне Дурава выклікала бурную рэакцыю ў ціхі нядзельны дзень.

Былы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў напісаў у дураўскай сетцы Telegram, што папярэджваў яе заснавальніка аб непрыемнасцях.

«Калісьці, ужо даўнавата, я спытаў у Дурава, чаму ён не хоча супрацоўнічаць з праваахоўнымі структурамі ў цяжкіх злачынствах. «Гэта мая прынцыповая пазіцыя», – заявіў ён. «Тады будуць сур'ёзныя праблемы ў кожнай краіне»", - сказаў яму я.

«Ён спудлаваў. Для ўсіх нашых агульных зараз ворагаў ён расеец - і таму непрадказальны і небяспечны. Іншай крыві, - напісаў Мядзведзеў. — Дакладна не Маск і не Цукербэрг».

Маск, са свайго боку, падтрымаў Дурава і не выпусціў выпадку абвінаваціць у зневажанні свабоды слова Еўразвяз, з якім у яго апошнім часам не складваюцца стасункі.

Гэта звязана з тым, што пасля куплі Twitter Маск вярнуў на платформу персанажаў, перш заблакаваных за парушэнне правілаў прыстойнай дыскусіі. Перш за ўсё, Дональда Трампа, кандыдатуру якога Маск горача падтрымлівае на будучых выбарах прэзідэнта ЗША.

Маск прысвяціў некалькі твітаў сваёй насычанай нядзельнай стужкі Дураву. У адным з іх пад хэштэгам #FreePavel ён апублікаваў вытрымку гутаркі з інтэрв'юерам Уладзіміра Пуціна Токерам Карлсанам, у якой Дураў распавядае, як ён рады, што Маск купіў «Твітэр».

Карлсан таксама заступіўся за Дурава: «Павел Дураў сёння сядзіць у французскай турме, з'яўляючыся жывым папярэджаннем для кожнага ўладальніка платформы, які адмаўляецца цэнзураваць праўду на загад урадаў і спецслужбаў. На калісьці вольны свет імкліва апускаецца цемра», - напісаў Карлсан у сетцы X Ілона Маска.

Іншыя адзначаюць, што затрыманне Дурава ніяк не абмяжуе свабоду слова ў Францыі, а вось да барацьбы са злачыннасцю мае прамое дачыненне.

«Яго несупрацоўніцтва з ФСБ на карысць свабоды слова, на жаль, цалкам нейтралізуецца яго несупрацоўніцтвам ні з кім, каб спыніць выкарыстанне ТГ для ўсяго жудаснага. Гэта быў ягоны выбар. Можна было рабіць адно і не рабіць іншае?», — акуратна выказаўся вядомы расследавальнік Хрыста Грозеў і прыклаў да свайго твіту скрыншоты каналаў у Telegram, да якіх у праваахоўных органаў напэўна ўзніклі б пытанні.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках