27 жнiўня 2024, aўторак, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рыэлтар плакала ў слухаўку»

13
«Рыэлтар плакала ў слухаўку»

Як у Беларусі касуюць угоды продажу нерухомасці палітычных уцекачоў.

Адразу некалькі чалавек распавялі «Радыё Свабода», што ўлады маюць пытанні да угод аб іх былой нерухомасці ў Беларусі.

Згадкі пра гэта з'яўляюцца і ў афіцыйных паведамленнях пракуратуры.

У 2023 годзе ў Беларусі прынялі закон, паводле якога нерухомасць больш нельга прадаць без асабістай прысутнасці ў Беларусі. У 2024-м з'явіліся паведамленні, што ўлады апячатваюць кватэры некаторых беларусаў, якія за мяжой актыўна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту альбо ў іншых мерапрыемствах - напрыклад, у выбарах у Каардынацыйную раду.

Як стала вядома “Свабодзе”, гэтым цікавасць прадстаўнікоў уладаў да маёмасці палітычных эмігрантаў не абмежавалася.

Рэдакцыі вядома як мінімум некалькі выпадкаў, калі ўладныя органы спрабуюць альбо прызнаць угоды аб продажы кватэр апанентаў рэжыму, якія з'ехалі за мяжу, несапраўднымі, альбо іншымі спосабамі завалодаць маёмасцю так званых "экстрэмістаў".

Факт нікчэмнасці

18 жніўня пракуратура Гародні паведаміла, што звярнулася ў суд з хадайніцтвам аб прызнанні факта нікчэмнасці дамовы куплі-продажу і прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі пераходу права ўласнасці на аб'ект нерухомасці.

Пракуратура растлумачыла, што прычынай звароту стала праверка, згодна з якой высветлілася, што адна з удзельніц угоды "ў 2021-2023 годзе на тэрыторыі Беларусі садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці, затым схавалася за межамі краіны". Кантрольны орган сцвярджае, што жанчына аформіла ў 2021 годзе ў Беларусі даверанасць на брата, які пазней прадаў яе кватэру бацьку за 3 тысячы рублёў.

На думку пракуратуры, гэта паказвае на фіктыўны характар угоды. На кватэру накладзены арышт. Суд прызнаў умову куплі-продажу кватэры "нікчэмнай".

Былы палітвязень

Віктар Пархімчык распавёў “Свабодзе” пра выпадак, які адбыўся з ягоным калегам (звесткі мужчыны ёсць у рэдакцыі. — РС). Праблемы ў Міхаіла (імя зменена для бяспекі. - РС) пачаліся вясной 2024 года. Яго знайшлі на здымку з пратэстаў і спачатку далі адміністрацыйны арышт, а затым распачалі крымінальную справу паводле артыкула 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суда Міхась чакаў на волі. За гэты час ён натарыяльна аформіў акт дарэння сваёй кватэры дзядзьку. Калі Міхася чарговым разам выклікалі на допыт, ён надумаў з'ехаць з Беларусі.

“У сакавіку кватэра была прададзеная, але ўжо ў траўні новыя гаспадары патэлефанавалі рыэлтару і распавялі: ім паступіў званок ад следчага, які паведаміў, што рыхтуе дакументы ў суд на прызнанне ўгоды куплі-продажы кватэры несапраўднай. Бо, на ягоную думку, яна мае надуманы характар”, -- распавёў суразмоўца “Свабоды”.

Паводле ягоных слоў, новыя гаспадары жылля ведалі, што купляюць кватэру заніжаным коштамў палітычнага дысідэнта. Пакупнікі, як кажа суразмоўца, былі падкрэслена нейтральныя і нават не ўзялі тэлефон прадаўца, бо не хацелі звязвацца з “экстрэмістамі”. Пасля ўгоды яны паспелі зрабіць у кватэры рамонт і ўжо ўладкавалі дзяцей у мясцовую школу.

“Рыэлтар, якая праводзіла ўгоду, плакала ў слухаўку, бо за чысціню ўгоды яна нясе персанальную адказнасць. Не было ніякіх абцяжаранняў, пазык, абмежаванняў, якія маглі скасаваць угоду. Яе правяралі рыэлтар, натарыус і Бюро тэхнічнай інвентарызацыі, усюды стаяць подпісы. Яна не разумее, як працаваць далей, бо на лбе ў чалавека не напісана, з'яўляецца ён апанентам улады ці не”, - дадаў суразмоўца.

Ён падкрэсліў, што сам артыкул 342 не прадугледжвае канфіскацыі маёмасці.

“Вяртайцеся дадому”

Крысціна Кашыцкая жыла ў Жлобіне, але пасля падзей 2020 года была вымушаная ўцякаць за мяжу разам з мужам і маленькімі дзецьмі. У сям'і засталася кватэра ў райцэнтры і дом у вёсцы, які яны доўга будавалі і амаль скончылі. Для будоўлі маладая сям'я брала крэдыт, які выплачвае дагэтуль.

“Бо ёсць жа паручыцелі. Не буду плаціць я - прыйдуць да іх і арыштуюць маёмасць, ці яшчэ што. Таму дом стаіць, мы ўсё плацім”, - распавядае Крысціна.

Участак пад будаўніцтва яшчэ да вяселля набыў ейны муж. У шлюбе маладая пара працягвала будаўніцтва, потым нарадзіліся дзеці. Потым "здарыўся" 2020, у якім Крысціна прымала актыўны ўдзел. Пасля ад'езду сям'і за мяжу пляц даглядаў знаёмы.

Са слоў Крысціны, прыкладна гэтай вясной яе ў Viber знайшоў сусед, з якім яны асабліва раней не кантактавалі.

"Ён спачатку кідаў нам здымкі нашага дома, пісаў: "Як вы там, не сумуеце?" Пазней напісаў, што сельсавет хоча забраць наш пляц. Маўляў, яго не доглядаюць, трава расце. Пасля пісаў вельмі дзіўна. Напрыклад, што “ў нашай краіне выйшаў мараторый на такіх асоб, якія вымушана часова выехалі за мяжу, таму вяртайцеся, будзем рады, у майго сябра брат вярнуўся з Польшчы, і ніякіх клопатаў не мае”. У мяне па стылі напісання ўзнікла адчуванне, што пісаў міліцыянер, ці дыктаваў”, - кажа Крысціна.

Са слоў суразмоўцы, зараз на іх хатні адрас пачалі прыходзіць позвы ад судовых выканаўцаў. У іх сцвярджаецца, што муж Крысціны нібыта мае нейкія запазычанасці.

“У нас усё заплачана. Усё, паўсюль, мы не жадаем падстаўляць паручыцеляў. Цяпер вось то пляц пагражаюць забраць, то нейкія позвы ні за што прыходзяць з пагрозамі”, - дадала Крысціна.

Яна дзівіцца, што наогул можа існаваць пагроза канфіскацыі пляца, калі на ім ужо стаіць дом.

“Нават калі там трава - то што з таго? Пляц і дом - мой. Можа, я хачу траву разводзіць”, - кажа суразмоўніца.

"Свабодзе" вядомыя і іншыя выпадкі канфіскацыі маёмасці ў эмігрантаў, але мы не можам іх апублікаваць для бяспекі родных палітэмігрантаў, якія застаюцца ў Беларусі, у тым ліку ў месцах пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках