30 жнiўня 2024, Пятніца, 0:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарыс супраць Трампа: апытанні сведчаць аб напружанай барацьбе

21
Гарыс супраць Трампа: апытанні сведчаць аб напружанай барацьбе

У кожным з вагальных штатаў пазіцыі абодвух кандыдатаў практычна роўныя.

Кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў Камала Гарыс і яе рэспубліканскі апанент Дональд Трамп вядуць напружаную барацьбу ў сямі вагальных штатах, паводле новага апытання каледжа Эмерсана і The Hill.

Гарыс апярэджвае Трампа ў Джорджыі (49% супраць 48%), Мічыгане (50% супраць 47%) і Невадзе (49% супраць 48%).

Між тым Трамп апярэджвае сваю дэмакратычную апанентку ў Арызоне (50% супраць 47%), Паўночнай Караліне (49% супраць 48%) і Вісконсіне (49% супраць 48%).

У Пенсільваніі абодва кандыдаты маюць аднолькавыя паказчыкі - па 48%.

Ва ўсіх выпадках вынікі апытанняў не выходзяць за межы хібнасці, а гэта азначае, што зараз у кожным з вагальных штатаў пазіцыі абодвух кандыдатаў практычна роўныя.

«Гонка паміж Камалай Гарыс і Дональдам Трампам працягвае заставацца напружанай, у межах хібнасці ў кожным штаце», - заявіў Спенсер Кімбал з каледжа Эмерсана.

Харыс апярэджвае Трампа сярод незалежных выбарцаў у шасці з сямі вагальных штатаў. Адзінае выключэнне - Невада, дзе Трамп апярэджвае кандыдатку ад дэмакратаў сярод незалежных выбарцаў.

Крыху лепшыя паказчыкі ў Трампа сярод жанчын-выбарцаў у Арызоне. Але ў Гарыс большая падтрымка, чым у былога прэзідэнта, сярод жанчын у іншых шасці вагальных штатах. Гарыс таксама мае лепшыя паказчыкі сярод выбарцаў ва ўзросце да 30 гадоў у вагальных штатах.

Між тым, Трамп мае вялікую падтрымку сярод мужчын у сямі вагальных штатах.

«Існуе таксама рэзкі гендэрны разрыў, падобны да таго, што быў у 2020 годзе», - дадае Кімбал.

Апытанне паказвае, як імкліва змянілася становішча дэмакратаў за больш чым месяц, які прайшоў з таго часу, як прэзідэнт Джо Байдэн выйшаў з гонкі. Дэмакраты былі занепакоеныя сваімі пазіцыямі ў такіх штатах, як Мічыган, але з намінацыяй Гарыс гэтыя штаты зноў выглядаюць больш канкурэнтаздольнымі.

Кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі знаходзіцца на хвалі імпульсу падтрымкі пасля з'езду сваёй партыі, які адбыўся на мінулым тыдні ў Чыкага, і аналітыкі ўважліва сочаць за тым, ці прывядзе гэта да паляпшэння яе паказчыкаў у апытаннях. Але апытанне каледжа Эмерсана і выданні The Hill сведчыць, што нават з новым кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі спаборніцтва за Белы дом усё яшчэ застаецца напружаным.

Сярэднія звесткі нацыянальных апытанняў, сабраныя Decision Desk HQ, паказваюць, што Гарыс апярэджвае Трампа прыкладна на 50% супраць 45%.

Новае апытанне таксама зафіксавала больш шырокае ўмацаванне пазіцыі дэмакратаў. У Арызоне, Мічыгане, Невадзе, Пенсільваніі і Вісконсіне ў «сенацкай гонцы» кандыдаты ад дэмакратаў апярэджваюць сваіх апанентаў ад Рэспубліканскай партыі.

Між тым, у губернатарскай гонцы ў Паўночнай Караліне дэмакрат Джош Стайн апярэджвае віцэ-губернатара ад Рэспубліканскай партыі Марка Робінсана: 47% супраць 41%.

Апытанне каледжа Эмерсана і The Hill было праведзенае з 26 да 28 жніўня. У Арызоне апытаны 720 патэнцыйных выбарцы: хібнасць 3,6 адсотка. У Мічыгане і Джорджыі па 800 патэнцыйных выбаруаў: хібнасць 3,4%. У Пенсільваніі - 950 патэнцыйных выбаруаў, хібнасць 3,1%. У Невадзе апытаны 1168 патэнцыйных выбаруаў, хібнасць 2,8 %. У Паўночнай Караліне - 775 патэнцыйных выбарцаў, хібнасць 3,5%. У Вісконсіне апытаны 850 патэнцыйных выбарцаў, хібнасць 3,3%.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках