Што вядома пра падводную лодку «Растоў-на-Доне», знішчаную ў Крыме
4- 3.08.2024, 18:51
- 10,296
Яе кошт – 300 мільёнаў даляраў.
У порце Севастопаля ўкраінскія воіны падбілі падводную лодку Чарнаморскага флоту Расеі «Растоў-на-Доне». Вядома, што карабель затануў на месцы.
Яшчэ ў верасні 2023 года яго пашкодзілі падчас масаванага ракетнага ўдару Сілаў абароны Украіны, з выкарыстаннем крылатых ракетаў Storm Shadow, аднак пасля аднавілі. Цяпер жа расейскі карабель даследуе марское дно.
Што вядома пра «Растоў-на-Доне» і якія характарыстыкі карабля – высветліў «24 Канал».
Што вядома пра карабель «Растоў-на-Доне»
Падводная лодка Б-237 «Растоў-на-Доне» (паводле класіфікацыі NATO – клас Kilo) з'яўляецца адной з чатырох падводных лодак класу Kilo, здольных выкарыстоўваць ракеты «Калібр». Яна была закладзеная восенню 2011 года на заводзе Адміралцейскія верфі ў Санкт-Пецярбургу і ўведзеная ў эксплуатацыю 26 снежня 2014 года.
У снежні 2014 года яе афіцыйна перадалі ВМФ Расеі. Субмарына была пастаўленая на ўзбраенне 4-й асобнай брыгады падводных лодак, якая базуецца ў Новарасійску. Прыбыццё карабля на Чарнаморскі флот ВМФ Расеі чакалася ў першую дэкаду снежня 2015 года, але замест гэтага ён быў накіраваны на вайну ў Сірыю.
Ён прызначаны для барацьбы з падводнымі лодкамі і караблямі ворага, абароны ваенна-марскіх базаў, берагавых і марскіх камунікацый, а таксама выведнай і патрульнай дзейнасці на камунікацыях ворага. Кошт падводнай лодкі ацэньваецца на 300 мільёнаў даляраў.
Характарыстыкі карабля
Яго надводная хуткасць дасягае 17 вузлоў, падводная – 20. Працоўная глыбіня апускання блізу 240 метраў, адначасова лімітавая глыбіня – 300 метраў. Карабель змяшчае ў сябе экіпаж колькасцю 52 чалавекі. Указаная аўтаномнасць карабля – 45 сутак.
Далёкасць падводнага плавання з эканамічнай хуткасцю ацэньваецца на 400 міляў. У той самы час памеры карабля «Растоў-на-Доне» наступныя:
– надводнае водазмяшчэнне – 2350 тонаў;
– падводнае водазмяшчэнне – 3950 тонаў;
– максімальная даўжыня – 73 метры;
– максімальная шырыня корпуса – 10 метраў.
Сярэдняя асадка карабля дасягае 6,2 метра. Да энэргетычнай устаноўкі адносяцца 2 дызель-генератары на 1 тысячу кілаватаў, якія сілкуюць галоўны электрарухавік, электрарухавік эканамічнага ходу і два рэзервовыя электрарухавікі.
На ўзбраенні карабля могуць знаходзіцца 6 насавых тарпедных апаратаў калібру 533 міліметраў з аўтаматычным зараджаннем, 18 тарпедаў, 24 міны, 4 ракеты «Калібр», ПЗРК «Страла-3» або «Іголка», 8 ракетаў.
Карабель ужо атрымлівалася падбіць раней
У выніку паразы карабля ў верасні 2023 года на субмарыне «Растоў-на-Доне» была пашкоджаная сярод іншага насавая частка, дзе размешчаныя тарпедныя апараты, з якіх сярод іншага запускаюцца ракеты «Калібр», у насавой частцы размешчаныя таксама сістэмы кіравання агнём.
Акрамя гэтага, пашкоджанні таксама атрымала і цэнтральная частка корпуса, і гэта азначала, што аднаўляць давядзецца, магчыма, усе органы кіравання караблём і адсек з акумулятарнай батарэяй. Пра гэта сведчылі спадарожнікавыя кадры.
І ўжо ў ноч на 2 жніўня 2023 года ў выніку ракетнай атакі падводная лодка затанула на месцы ў Кілен-бухце Севастопаля.