Беларускія медыкі развеялі міфы пра два «цуда-лекі»
17- 30.08.2024, 10:19
- 11,490
У іх уласцівасцях сумняваюцца.
Тэлеграм-канал «Белые халаты» надумаў напісаць пра рэчывы, якія называюцца прыгожым словам "адаптагены". Гучыць яно самавіта, але ў медыцыне напраўду такой групы прэпаратаў няма. Тэрмін, хутчэй за ўсё, прыдумалі маркетолагі для пасоўвання свайго прадукту.
Адаптагены на рынку як умоўная «панацэя» - лекі ад мноства хвароб або сродак, які дазваляе абараніць вас ад шматлікіх хвароб. З заявы распрацоўнікаў, адаптагены дапамагаюць арганізму адаптавацца: яны нібыта абараняюць ад наступстваў стрэсу, дапамагаюць аднаўляцца пасля хвароб і пры значных фізічных нагрузках.
Іх часта рэкамендуюць прымаць у перыяд падвышанай небяспекі заразіцца грыпам ці ВРВІ. Важна ведаць, што навуковых доказаў усіх гэтых уласцівасцей няма.
Элеўтэракок - расліна, якую прыгожа называюць “сібірскім жэньшэнем”. Экстракту з элеўтэракока прыпісваюцца такія ж уласцівасці, як і ўсім астатнім адаптагенам, але асабліва падкрэсліваецца, што ён эфектыўны пры нізкім крывяным ціску, фізічным і разумовым ператамленні, "слабасці арганізма" і як моцны танізавальны сродак.
Калі паглядзець на PubMed, мы ўбачым, што элеўтэракоку прысвечаны сотні артыкулаў. Аднак большасць проста апісальныя. Рэальных РКІ зусім няшмат. Некаторыя з іх пацвярджаюць: расліна сапраўды валодае заяўленымі ўласцівасцямі, але часцей за ўсё даследаванне невялікае і відавочна спансавалася вытворцамі прэпарата. Большасць жа незалежных даследаванняў паказала - "цуду" не здарылася і лекі не мелі эфекту, які заяўляўся.
Так, напрыклад, меркавалася, што элеўтэракок можа паскорыць метабалізм і такім чынам дапамагчы тым, хто хоча скінуць вагу, а таксама ўзмацніць эфектыўнасць практыкаванняў у трэнажорнай зале. Высветлілася, гэта не так.
Не палепшылася ў выніку прыёму прэпарата канцэнтрацыя ўвагі і здольнасць даваць рады стрэсу.
А яшчэ элеўтэракокам спрабавалі падвысіць тонус паджылых людзей. Першыя тыдні, як гэта часта бывае з плацеба, падыспытныя заяўлялі аб "прыліве сіл", але неўзабаве адзначалі, што не адчуваюць ніякай розніцы паміж самаадчуваннем пры прыёме прэпарата і без яго.
Эхінацэя пурпурная - яшчэ адна расліна, экстракт з якой дагэтуль папулярны на постсавецкай прасторы. Гэты прэпарат заяўляюць як эфектыўны пры лячэнні і прафілактыцы прастуды, мяркуецца, што ён умацоўвае імунную сістэму, і можа быць асабліва карысны пры рознага кшталту інфекцыях. Эхінацэю таксама называюць адаптагенам.
Як і ў выпадку з элеўтэракокам, на PubMed можна знайсці сотні артыкулаў, прысвечаных вывучэнню тых ці іншых "гаючых уласцівасцяў" расліны. Але сярод іх няма пераканаўчых доказаў эфектыўнасці прэпарата.
Затое ёсць буйныя артыкулы дзе распавядаецца аб спробе знайсці эфект ад эхінацеі для розных станаў, але большасць з іх, ва ўмовах правільна пастаўленых даследаванняў, былі адмоўнымі.
Сістэматычны агляд метааналізу паказаў адсутнасць эфекту для павышэння эфектыўнасці ў выкананні фізічных практыкаванняў або ў паляпшэнні вынікаў аэробных трэніровак.
Буйны сістэматычны агляд розных метадаў прафілактыкі захворванняў вірусам грыпу не паказаў эфектыўнасць эхінацэі (як, дарэчы, і іншых метадаў) - эфектыўнымі былі толькі прышчэпкі.
У выснове адзначым, што як эхінацэя, так і элеўтэракок могуць мяняць актыўнасць цытахром печані, а значыць, уплываць на эфектыўнасць іншых паралельна прыманых прэпаратаў. Гэта значыць, яны могуць апынуцца або неэфектыўнымі, або, наадварот, выклікаць перадазіроўку.
А яшчэ вядома, што элеўтэракок можа падвышаць рызыку абвастрэнняў аўтпімунных захворванняў, такіх як рэўматоідны артрыт і сістэмны васкуліт. Абодва гэтыя прэпараты вельмі не рэкамендуюць для людзей, якія прымаюць імунасупрэсіўную тэрапіі: пры некаторых формах анкалогіі або пасля трансплантацыі гэтыя лекавыя сродкі могуць значна зніжаць эфектыўнасць лячэння.