У Варшаве будуць судзіць агентку КДБ
18- 5.08.2024, 12:31
- 22,212
Беларуска перадавала ў Менск звесткі аб апазіцыі.
У Акруговы суд Варшавы перадалі справу беларускі Дар'і А., якая абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Беларусі. Паводле версіі пракуратуры, жанчына збірала інфармацыю пра беларускую апазіцыю ў Польшчы і перадавала яе КДБ, піша MOST.
Паводле абвінавачання, Дар'я А. у 2023 годзе шматразова перадавала КДБ Беларусі інфармацыю, якая тычыцца дзейнасці, структуры і фінансавання арганізацый, якія надаюць падтрымку беларускай апазіцыі. Гэтыя звесткі беларускі рэжым выкарыстоўваў для прапаганды, каб абвінаваціць апазіцыю ў экстрэмізме, а польскія спецслужбы — у тым, што яны замаўлялі дыверсіі на аб'ектах крытычнай інфраструктуры Беларусі.
Фальшывая інфармацыя наносіла шкоду інтарэсам Польшчы і яе замежнай палітыцы, якая ўключае падтрымку беларускай апазіцыі, і вяла да дэстабілізацыі дачыненняў паміж Польшчай і Беларуссю, паведамляе Нацыянальная пракуратура Польшчы.
Хто такая Дар'я А.
У снежні 2023 года Дар'ю А. затрымалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Як высветліла "Зеркало", раней жанчына жыла ў Баранавічах і з 2018 года кантактавала з рознымі апазіцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасцю і прапаноўвала сваю дапамогу. Падчас прэзідэнцкіх выбараў яна ўзяла на сябе ролю каардынатара кампаніі "Гавары праўду".
Таксама яна засвяцілася ў здымках у порна.
У 2023 годзе жанчына пераехала ў Польшчу, жыла ў Варшаве, а пазней у Лодзі, дзе і была арыштаваная.
Да суда Дар'ю А. утрымліваюць у ізалятары. Паводле артыкула 130 §1 Крымінальнага кодэкса Польшчы (удзел у дзейнасці замежнай выведкі) ёй пагражае не менш за пяць гадоў пазбаўлення волі.