Войска Бангладэш заявіла аб стварэнні часовага ўрада
6- 5.08.2024, 14:47
- 6,996
Прэм'ерка ўцякла з краіны.
Камандзір войскам Бангладэш Вакер Уз-Заман заявіў аб адстаўцы прэм'ер-міністра краіны Шэйх Хасіны. Краінай, ахопленай ужо некалькі тыдняў антыўрадавымі пратэстамі, будзе кіраваць часовы ўрад, абвясціў ён у тэлезвароце ў панядзелак, 5 жніўня, паведамляе "Нямецкая хваля".
У той жа дзень удзельнікі антыўрадавых пратэстаў у Бангладэш уварваліся ў афіцыйную рэзідэнцыю 76-гадовага кіраўніка ўрада. На тэлевізійных кадрах відаць, як тысячы людзей штурмуюць урадавы палац у сталіцы Дака.
Кіраўніца ўрада і ейная сястра раней пакінулі рэзідэнцыю і з'ехалі "ў больш бяспечнае месца", паведамляе AFP са спасылкай на крыніцы ў асяроддзі Хасіны. Высокапастаўлены дарадца Хасіны ў інтэрв'ю AFP назваў ейную адстаўку "магчымай". Паводле ягоных слоў, прэм'ер-міністарка хацела запісаць прамову, але не мела магчымасці гэта зрабіць.
Між тым газета Prothom Alo піша, што Хасіна пакінула Бангладэш і паляцела на вайсковым гелікаптэры ў Індыю. Індыйскі тэлеканал CNN-News18 са спасылкай на крыніцы паведаміў, што Хасіна прызямлілася ў індыйскім горадзе Агартала.