21 лiстапада 2024, Чацвер, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Новая Беларусь павінна быць без хлусаў і лукашыстаў»

20
«Новая Беларусь павінна быць без хлусаў і лукашыстаў»
АЛЯКСАНДРА ГЕРАСІМЕНЯ, НАТАЛЬЯ РАДЗІНА І СВЯТАСЛАЎ КІСЯЛЁЎ

У Сопаце свабодныя спартоўцы сустрэліся з беларусамі.

У рамках спартыўнага летніка "Baltic Summer camp", які свабодныя спартоўцы ўжо другі год запар праводзяць у польскім Сопаце для дзяцей уцекачоў, прайшоў валейбольны турнір і сустрэча з беларусамі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел трохразовая прызёр Алімпійскіх гульняў у плаванні Аляксандра Герасіменя, чэмпіён свету і Еўропы ў самба Сцяпан Папоў, экс-генеральны мэнэджар нацыянальнай каманды ў хакеі Святаслаў Кісялёў, а таксама спецыяльны госць сустрэчы - галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Дыскусія атрымалася вельмі жывой. Замест паўтары гадзіны, якія запланавалі арганізатары, гутарка доўжылася ажно тры.

З МЕРКАВАННЯЎ БЯСПЕКІ НЕ ЎСЕ ЎДЗЕЛЬНІКІ СУСТРЭЧЫ ФОТАГРАФАВАЛІСЯ

Аляксандра Герасіменя расказала сайту Charter97.org, што беларусы хочуць быць карыснымі для краіны нават за яе межамі:

- Хацелася нейкай камернай гутаркі. Людзі трапіліся душэўныя, не было правакатараў, канфліктных сітуацый. Усе стараліся адно аднаго пачуць. Усе, увогуле, прытрымліваліся адзінай думкі, што сёння людзям, якія хочуць рэальных дзеянняў, а не проста атрымліваць гранты, трэба аб'ядноўвацца, развівацца ў сваіх галінах, каб потым быць карыснымі ў Беларусі.

Канешне, усіх хвалявала, што сёння можна зрабіць. Ствараць нейкія арганізацыі? Можа быць. Але ці будуць яны эфектыўнымі? Было шмат пытанняў, якія засталіся без адказаў, пытанняў для разважання. Шмат гаварылі аб тым, як захаваць нашу краіну. Беларусы разумеюць, што нельга забывацца на культуру, нашу мову.

Мы, спартоўцы, разумеем, што для нашых дзяцей трэба арганізоўваць такія летнікі, валейбольныя турніры, спартовыя мерапрыемствы, каб дзеці былі ў беларускай супольнасці. Пакуль што ў Польшчы, але яны не павінны забываць, што яны - беларусы.

Неабавязкова быць у Беларусі, каб рабіць нашу краіну лепшай. Можна дапамагаць фінансава, сувязямі, якія ўжо ёсць. А таксама досведам, які мы атрымалі за мяжой.

Яшчэ адной з тэм сустрэчы са свабоднымі спартоўцамі, як распавяла Аляксандра Герасіменя, была Алімпіядзе ў Парыжы:

- Шмат казалі пра тое, што справядлівасці няма нават у такіх вялікіх структурах, як Міжнародны алімпійскі камітэт. Спартоўцы, якія праявілі сябе падчас пратэстаў у 2020 годзе, не мелі магчымасці выступіць на Алімпіядзе (не пусцілі нават тых, хто адабраўся). А вось тыя спартоўцы, якія знаходзяцца ў Беларусі (а некаторыя з іх нават падтрымліваюць рэжым), чамусьці мелі такую магчымасць. Вось і пытанне: дзе гэтая справядлівасць, аб якой гаворыць МАК. Ёсць шмат балючых тэм, якія тычацца спартоўцаў і арганізацый, якія працуюць не для людзей, а дзеля сваіх інтарэсаў.

Магу сказаць што беларусы хочуць нешта рабіць, і мы разумеем, што трэба аб'ядноўвацца хаця б у нейкія моманты, пад нейкія праекты і ідэі. Не абавязкова быць адзінай структурай, важна мець агульныя мэты.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, дзелячыся ўражаннямі ад сустрэчы, вылучыла асабісты подзвіг вольных спартоўцаў:

— Цікавасць у людзей была вялізная. Было заўважна, што ў беларусаў назапасілася вялікая колькасць пытанняў, на якія яны шукаюць адказы.

Галоўным чынам - калі мы вернемся дадому. Ёсць моцнае жаданне вярнуцца на радзіму. Жаданне прыкласці ўласныя намаганні, каб змены ў нашай краіне адбыліся як мага хутчэй.

Мяне ўразілі нашы вольныя спартоўцы, з якімі мы выступалі на гэтай сустрэчы. Бо яны сёння знаходзяцца ў такім самым становішчы, як і сотні тысяч іншых беларускіх палітэмігрантаў.

Трэба разумець, наколькі спартоўцы залежныя ад дзяржавы. Прадстаўнікі іншых прафесій могуць стаць незалежнымі: лекар - пачаць прыватную практыку, педагог - прыватныя ўрокі, журналіст абавязаны быць незалежным. А вось спартовец, калі ён выпадае з дзяржаўнай сістэмы, не можа ўдзельнічаць у спаборніцтвах, што паказала Алімпіяда, якая праходзіць зараз. Таму той подзвіг, які нашы спартоўцы здзейснілі ў 2020 годзе, мне здаецца, дагэтуль не ацэнены паводле заслуг. Гэта быў моцны і рызыкоўны для гэтых людзей крок.

Цяпер, праз чатыры гады, якія вельмі складана даліся нашым спартоўцам (бо ім таксама трэба было працаўладкоўвацца, шукаць магчымасць для заробку, многія з іх праводзяць прыватныя трэніроўкі), нягледзячы на цяжкасці, на сустрэчы Аляксандра Герасіменя, Сцяпан Папоў, Святаслаў Кісялёў, заявілі, што зусім не шкадуюць аб тым, што здзейснілі, бо яны сёння жывуць у ладзе са сваім сумленнем і не маглі паступіць інакш у той сітуацыі, не стаць на бок беларускага народа.

Сама сустрэча мяне натхніла. Бо яна паказала, якія ў нас цудоўныя і фантастычныя людзі. Гэтыя гады ўсім нам даліся нялёгка, але змены і метамарфозы, якія адбываюцца з намі ў гэтыя няпростыя часы, упэўнена, толькі да лепшага.

Чэмпіён свету і Еўропы ў самба Сцяпан Папоў расказаў сайту Charter97.org, што да новай Беларусі трэба рыхтавацца ўжо сёння:

- Беларусы разабраліся, хто такі Лукашэнка, якая ягоная сістэма, стасункі з Расеяй, што Расея - наш вораг. Сёння беларусы мусяць разабрацца, што ствараецца замест Лукашэнкі. Чаго мы чакаем, куды мы ідзём, што мы можам зрабіць.

Многія людзі не разбіраюцца ў тым, што адбываецца, ва ўсіх "кабінетах" і "офісах". Многія інфантыльна чакаюць, што "нехта за іх усё зробіць". Не, калі мы не будзем мець уплыву, мы нічога не зробім. Таму трэба размаўляць з людзьмі, каб яны бачылі, што такое дэмакратыя. Каб калі ў нас будзе магчымасць уплываць на працэсы ў Беларусі, як гэта было ў 2020 годзе, нас было шмат. Сёння ж трэба зрабіць высновы з падзей.

Бо калі ў нас заўтра будзе дэмакратыя, мы павінны будзем быць гатовымі, каб не абраць “другога Лукашэнку”. Для гэтага трэба рыхтавацца, каб людзі разабраліся, як гэтая сістэма стваралася, каб на першых выбарах мы не галасавалі за папулістаў, хлусоў і лукашыстаў, якія кажуць, што яны - "дэмакраты". Мы павінны быць моцнай грамадзянскай супольнасцю ўжо сёння.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках