СМІ даведаліся падрабязнасці ўцёкаў прэм'ер-міністра Бангладэш
14- 6.08.2024, 16:32
- 7,914
Ёй дапамагаюць сваякі з Вялікай Брытаніі.
Прэм'ер-міністр Бангладэш Шэйх Хасіна, якая пайшла ў адстаўку на фоне масавых пратэстаў і пакінула краіну, папрасіла палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі, паведамляе выданне The Hindu.
Сястра Рэхана, якая яе суправаджае, ужо мае брытанскае грамадзянства. Акрамя гэтага, пляменніца Шэйх Хасіны Цюліп Сідзік з 2015 года з'яўляецца дэпутатам парламента Вялікай Брытаніі ад Лейбарысцкай партыі. У новым кабінеце прэм'ер-міністра Кіра Стармера яна заняла пасаду намесніка міністра фінансаў.
Самалёт з Шэйх Хасінай на борце прызямліўся на вайсковай авіябазе за 40 км ад Нью-Дэлі. Як паведамляюць крыніцы, улады Індыі пагадзіліся надаць ёй падтрымку, але, нягледзячы на гэта, яна плануе з'ехаць у Лондан.
Раней паведамлялася, у нядзелю сама меней 90 чалавек загінулі ў закалотах паміж паліцыяй і ўдзельнікамі акцый пратэсту, якія патрабавалі адстаўкі Шэйх Хасіны. Сярод загінулых - 13 паліцыянтаў. Яны былі забітыя падчас нападаў на пастарунак у горадзе Сіраджганджы за 100 км на поўнач ад сталіцы краіны Дакі.
Прэм'ер-міністр Бангладэш Шэйх Хасіна падала ў адстаўку і пакінула краіну на фоне масавых пратэстаў.