У РФ арыштавалі чарговую «шышку» з Міністэрства абароны
6- 6.08.2024, 16:47
- 8,018
Кадравыя чысткі ў ведамстве ўбіраюцца ў сілу.
У РФ за апошнія месяцы пракацілася хваля арыштаў генералаў і топ-чыноўнікаў Мінабароны. Крэмль зладзіў маштабную зачыстку ў дачыненні да людзей, якія займалі высокія пасады ў Мінабароны часоў Сяргея Шайгу.
Сёння Следчы камітэт Расеі паведаміў аб арышце былога начальніка рэчавай управы міністэрства абароны РФ Уладзіміра Дземчыка. Яго падазраюць у атрыманні ў 2017 годзе хабару на суму 4 млн рублёў. На момант арышту Дземчык быў намеснікам гендырэктара ТАА «Тэкстыльная гандлёвая кампанія».
«Вясной 2017 года генеральны дырэктар адной з камерцыйных арганізацый, жадаючы заручыцца заступніцтвам Дземчыка пры развязанні пытанняў аб прыцягненні названай камерцыйнай арганізацыі да выканання дзяржаўных кантрактаў на пастаўку рознай рэчавай маёмасці для патрэб Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі, перадаў апошняму хабар на суму 4 млн рублёў», - распавяла прадстаўніца СКР Святлана Пятрэнка.
«У 2017-2018 гадах арганізацыя, якую прадстаўляў хабарадаўца, была прыцягнутая ў якасці сувыканаўцы паводле дзяржаўных кантрактаў на пастаўку рознай рэчавай маёмасці для патрэб Узброеных сіл РФ. У названы перыяд з ёй было падпісана агулам 26 дамоваў на агульную суму больш за 574 млн рублёў», - дадала яна.
Нагадаем, учора стала вядома аб затрыманні намесніка начальніка Галоўнай управы інавацыйнага развіцця Мінабароны РФ генерал-маёра Уладзіміра Шасцярова. Разам з ім быў затрыманы дырэктар парку «Патрыёт» Вячаслаў Ахмедаў, якога адправілі ў СІЗА.
Сярод затрыманых раней - былы намеснік кіраўніка Мінабароны Цімур Іваноў, начальнік галоўнай управы кадраў Мінабароны Юрый Кузняцоў, начальнік галоўнай управы сувязі Мінабароны РФ Вадзім Шамарын і былы камандуючы 58-й арміяй Іван Папоў.