У Паўночнай Асеціі запатрабавалі забараніць набор карэннага насельніцтва на вайну
33- 6.08.2024, 18:28
- 29,116
Ужо перапоўненыя могілкі.
Актывісты Паўночнай Асеціі хочуць дабіцца ад дыктатара Расеі Уладзіміра Пуціна забароны на прызыў ураджэнцаў рэгіёну на вайну з Украінай. Лідары 12 мясцовых арганізацый апублікавалі адкрыты зварот да кіраўніка рэспублікі Сяргея Мяняйлы, у якім запатрабавалі раскрыць страты сярод суайчыннікаў на фронце і звярнуць увагу Пуціна на «незваротны характар змяншэння карэннага насельніцтва».
Ліст выклаў кіраўнік РГА «Круглы стол Аланія» Хадзімат Дзанайты. Сярод іншых пад ім падпісаўся атаман Давід Бадзіеў - кіраўнік Уладзікаўказскага аддзела Церскага казацкага войска, чальцы якога ваююць ва Украіне ў складзе батальёна «Церак». Таксама да звароту далучыліся патрыятычныя, працоўныя і праваабарончыя арганізацыі.
Актывісты патрабуюць ад Мяняйлы абвясціць тыднёвую жалобу па загінулых на фронце земляках. З іх слоў, ва Украіне былі забітыя не менш за тысячу асецін і жыхары маюць права пра гэта ведаць. Таксама яны мяркуюць, што кіраўнік рэгіёну павінен папрасіць Пуціна не толькі ўвесці забарону на прызыў ураджэнцаў рэспублікі, але датэрмінова дэмабілізаваць ужо ваюючых «з мэтай захавання генафонду».
«На франтах СВА працягвае гінуць моладзь Асеціі, чыімі целамі ўжо перапоўненыя могілкі Уладзікаўказа», - падкрэслілі грамадскія дзеячы.
Таксама яны раскрытыкавалі карнавал, які прайшоў ва Уладзікаўказе. На іх думку, ва ўмовах, калі «асяцінскі народ вымірае прагрэсуючымі тэмпамі, рэспубліка знаходзіцца ў ніжняй частцы агульнарасейскага сацыяльна-эканамічнага рэйтынгу», такога кшталту «масавыя гулянні» недапушчальныя.
Мяняйла зварот не каментаваў.