ЕЗ выдзеліў Украіне першую рату праграмы эканамічнай дапамогі на 50 млрд еўраў
3- 6.08.2024, 19:34
- 2,190
Кіеў для атрымання сродкаў выканаў неабходныя ўмовы.
Еўразвяз санкцыянаваў першую рэгулярную выплату ў рамках разлічанай на чатыры гады праграмы эканамічнай і фінансавай падтрымкі Украіны на 50 млрд еўраў. Кіеў атрымае 4,2 млрд еўраў на забеспячэнне дзяржаўнага кіравання і ўмацаванне макрафінансавай стабільнасці.
Украіна для атрымання сродкаў выканала неабходныя ўмовы ў такіх галінах, як кіраванне дзяржаўнымі фінансамі і прадпрыемствамі, дзелавое асяроддзе, энэргетыка і размінаванне, уключаючы правядзенне рэформ, гаворыцца ў пастанове Еўрапейскай рады.
Для дапамогі Украіне і на аднаўлення яе эканомікі ЕЗ у сакавіку стварыў Фонд для Украіны. З яго яна ўжо атрымала амаль 8 млрд еўраў у выглядзе прамежкавага і папярэдняга фінансавання.
З праграмы дапамогі на 50 млрд еўраў, разлічанай на 2024-2027 гады, 32 млрд еўраў прызначаныя для падтрымкі рэформ (у тым ліку ў сферы дзяржфінансаў і барацьбы з карупцыяй) і інвестыцый, іх выдзяленне абумоўленае дасягненнем пэўных паказчыкаў. Калі ўсе прапанаваныя рэформы і інвестыцыі будуць цалкам рэалізаваныя, то ВУП Украіны можа дадаткова павялічыцца на 6,2% да 2027 г. і на 14,2% - да 2040 г., а дзяржпазыка - скараціцца прыкладна на 10% ВУП да 2033 г, адзначае Еўрапейская рада.
Абрынуўшыся ў 2022 г. больш чым на 30% праз расейскае ўварванне, летась ВУП краіны вырас на 5%.
Эканамічнай дапамогай Украіне займаюцца і ЗША. У панядзелак Кіеў атрымаў ад іх $3,9 млрд у выглядзе бюджэтнай дапамогі, адзначае Bloomberg; гэтыя сродкі выдзеленыя з пакета $61 млрд, які Кангрэс адобрыў у красавіку. У адміністрацыі Джо Байдэна была створаная пасада спецпрадстаўніка для эканамічнага аднаўлення Украіны, яе цягам года займала былы міністр гандлю Пені Прыцкер.
Складзены ёю план з пяці этапаў закліканы дапамагчы Украіне прыцягнуць больш за $480 млрд, якія спатрэбяцца для аднаўлення краіны пасля вайны. Рэкамендацыі, прадстаўленыя Байдэну на мінулым тыдні, уключаюць стварэнне міжведамаснага падраздзялення па рэканструкцыі і аднаўленні, якое будзе падпарадкоўвацца прэм'ер-міністру Украіны, а таксама значны спіс гатовых да рэалізацыі праектаў, у якія амерыканскія кампаніі могуць інвеставаць, расказала Прыцкер Bloomberg.
Пабываўшы за год ва Украіне шэсць разоў, яна прывезла з сабой гендырэктараў шасці кампаній ЗША. З яе слоў, яна абмяркоўвала ўдзел у аднаўленні краіны з вядучымі кампаніямі ўсіх сектараў - «ад энэргетычных, такіх як Westinghouse, і абаронных, такіх як Lockheed Martin і Northrop Grumman, да Boeing і многіх іншых, уключаючы аграпрамысловыя, такія як ADM і Cargill, а таксама фінансавыя - JPMorgan і BlackRock».