У Расею прыйшоў «юаневы голад»
9- 6.08.2024, 20:44
- 7,040
Нястача кітайскай валюты ў банкаў дасягнула новага рэкорду.
Расейская банкаўская сістэма перажывае рост дэфіцыту юаняў на фоне масавых адмоваў кітайскіх банкаў праводзіць плацяжы праз пагрозу амерыканскіх санкцый.
У аўторак, 6 жніўня, на міжбанкаўскім рынку стаўкі ў крэдытах у юанях «овернайт» узляцелі да 20% гадавых – столькі былі гатовыя заплаціць крэдытныя арганізацыі, каб узяць кароткатэрміновую пазыку ў кітайскай валюце.
Кошт юаневай ліквіднасці для банкаў стаў практычна рэкордным у гісторыі: вышэй стаўкі «скакалі» толькі аднойчы – 12 чэрвеня, у дзень, калі Маскоўская біржа патрапіла пад амерыканскія санкцыі, адзначае эканаміст датычна Расеі Bloomberg Economics Аляксандр Ісакаў.
У самім Кітаі банкі крэдытуюць адзін аднаго на адзін дзень паводле стаўкі крыху ніжэйшай за 2%. Такім чынам, розніца паміж коштам юаневых пазык у Расеі і Кітаі стала практычна дзесяціразовай. Гэты спрэд з'яўляецца нядрэнным «індыкатарам стану расейска-кітайскіх банкаўскіх адносінаў», паказвае Ісакаў: калі сувязі наладжаныя, розніца ў стаўках трымаецца нізкай і стабільнай, а яе рост або рэзкія ваганні паказваюць на тое, што ахвотных забяспечваць расейскі рынак юанямі становіцца менш.
Юаневыя крэдыты пачалі рэзка даражэць у Расеі пасля ліпеньскага раўнду санкцый ЗША, які закрануў Масбіржу і «дачку» расейскіх дзяржбанкаў у «сяброўскіх» краінах. Буйныя кітайскія дзяржбанкі прыпынілі аперацыі з расейскімі «калегамі», якія трапілі пад санкцыі, а Bank of China адмовіўся абслугоўваць біржавы гандаль юанем у Расеі. На гэтым фоне стаўкі ў юаневых крэдытах на міжбанку падняліся вышэй за 5% гадавых, 5 жніўня ўзляцелі амаль да 10%, а 6 жніўня – падскочылі яшчэ ўдвая.
Гэта «гаворыць пра абвастрэнне дэфіцыту юаневай ліквіднасці», а яшчэ пра тое, што праблемы адносінаў расейскіх і кітайскіх банкаў не развязаныя, канстатуе Ісакаў.
Цяпер кітайскія банкі вяртаюць блізу 80% пераводаў у юанях, якія спрабуюць правесці расейскія кампаніі, расказвалі «Коммерсанту» крыніцы на рынку. Памежныя кітайскія банкі, якія былі адным з апошніх даступных каналаў плацяжоў, абмежавалі канвертаванне рублёў у юані.
Паводле звестак Bloomberg, завісаюць нават плацяжы за расейскую сыравіну, якая прадаецца ў КНР. Праблемы закранулі металургаў і сельгасэкспарцёраў, казалі крыніцы агенцтва.
Акрамя юаняў замежнай валюты на расейскім валютным рынку практычна не засталося, канстатаваў у ліпені ЦБ. Паводле ягоных звестак, юань заняў 99,6 адсотка біржавога рынку валюты.