Віцэ-прэзідэнт для Гарыс: Хто такі Цім Уолц і што ён гаварыў пра Украіну
19- 6.08.2024, 20:53
- 20,378
Сёння Камала Гарыс афіцыйна абвясціла кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ЗША.
Кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Камала Гарыс абвясціла імя свайго прэтэндэнта на пасаду віцэ-прэзідэнта. Ім стаў губернатар Мінесоты Цім Уолц.
Пра тое, хто такі Цім Уолц і якая ягоная пазіцыя ў дачыненні да Украіны, – у матэрыяле РБК-Украіна.
Цім Уолц – кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША ад Гарыс
Віцэ-прэзідэнт – другая паводле важнасці службовая асоба ў сістэме выканальнай галіны федэральнага ўраду Злучаных Штатаў Амерыкі. Прэзідэнта і ягонага «віцэ» выбіраюць разам, паводле сістэмы непрамых выбараў.
Як правіла, з кандыдатам вызначаюцца з улікам таго, каб ён здолеў ахапіць дадатковы электаральны сектар. Паводле гэтага прынцыпу чатыры гады таму віцэ-прэзідэнткай Джо Байдэна стала Камала Гарыс. Каб заручыцца, па-першае, сімпатыямі жанчынаў, па-другое, афраамерыканцаў і іншых «нябелых» выбарнікаў.
Хоць бываюць і выключэнні. Напрыклад, у сёлетняй перадвыбарнай гонцы кандыдат ад рэспубліканцаў Дональд Трамп абраў прэтэндэнтам на пасаду віцэ-прэзідэнта сенатара Джэй Ды Венса, які ў цэлым падтрымлівае ягоную рыторыку, але ў шэрагу пытанняў выказваецца больш радыкальна, і на ягоным фоне Трамп выглядае больш узважаным палітыкам.
Цім Уолц не разглядаўся ў якасці фаварыта сярод іншых кандыдатаў у напарнікі Камале Гарыс.
Галоўным прэтэндэнтам у віцэ-прэзідэнты для Гарыс быў губернатар Пенсільваніі Джош Шапіра, аднак сур'ёзны супраціў ягонай кандыдатуры стварыла крайняе левае крыло Дэмакратычнай партыі, настроенае па-палестынску. А Шапіра – іўдзей-практык, ён цалкам падтрымлівае Ізраіль у ягонай барацьбе з тэрарыстамі ХАМАС.
Уолц з'яўляецца менш яркім палітыкам і мае больш нізкую пазнавальнасць у цэлым у ЗША. Разам з тым выданне Axios адзначае, што Уолц мог бы павысіць прывабнасць Гарыс сярод сельскіх выбарнікаў, сярод іншага ў штатах так званай «Сіняй сцяны» (ціхаакіянскае ўзбярэжжа і поўнач ЗША), якія былі ключавымі для перамогі Джо Байдэна ў 2020 годзе.
Ад настаўніка да губернатара
Ціму Уолцу 60 гадоў, ён жанаты, мае дваіх дзяцей. Нарадзіўся ў штаце Небраска, на поўначы ЗША. У 17 гадоў уступіў у Нацыянальную гвардыю Арміі ЗША. Служыў больш за два дзесяцігоддзі як унутры краіны, так і за мяжой. Пасля звальнення працаваў настаўнікам у сярэдняй школе і футбольным трэнерам.
У 2006 годзе Уолц быў абраны ў Палату прадстаўнікоў Кангрэса ЗША і пераабіраўся чатыры разы, прадстаўляючы там паўднёвую, пераважна сельскагаспадарчую частку штата.
З 2018 года з'яўляецца губернатарам Мінесоты. Сярод дасягненняў, якімі ганарыцца Уолц, вылучэнне бясплатнага харчавання ў школах і пашырэнне аплатных адпачынкаў.
Мінесота не галасавала за рэспубліканцаў у прэзідэнцкай гонцы з 1972 года, але гэты штат, які традыцыйна ўваходзіць у «сінюю сцяну» дэмакратаў, узначальвае спіс тых штатаў, у якіх Трамп хацеў бы перамагчы на гэтых выбарах.
Што Уолц кажа пра Украіну
Цім Уолц уважаецца за паслядоўнага прыхільніка дапамогі Украіне. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Уолц падпісаў закон, які патрабаваў ад штата Мінесота больш не весці бізнэс у Расеі ці Беларусі.
Уолц меў зносіны з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у красавіку 2023 года, у рамках калектыўнага відэазванка амерыканскіх губернатараў, які ён і арганізоўваў як кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі губернатараў.
У лютым сёлета Цім Уолц і амбасадарка Украіны ў ЗША Аксана Маркарава падпісалі ліст аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве штата Мінесота і Чарнігаўскай вобласці ў аграрнай сферы. Сярод іншага дакумент прадугледжвае рэканструкцыю і аднаўленне эканомікі Чарнігаўшчыны.
Падчас сустрэчы Уолц заяўляў пра далейшую падтрымку Украіны. «Размовы пра тое, што мы нібыта адвярнуліся ад Украіны ці нашых хаўруснікаў у NATO, з'яўляюцца глупствам, і гэтага не падзяляюць нашыя людзі, якія разумеюць, наколькі важная дэмакратыя. Мы ў Мінесоце гэта разумеем», – заявіў Уолц.
Нагадаем, Камала Гарыс стала афіцыйнай кандыдаткай у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, за яе кандыдатуру прагаласавалі 99% партыйных дэлегатаў.