21 студзеня 2025, aўторак, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курская бітва: УСУ занялі шэраг населеных пунктаў у РФ

54
Курская бітва: УСУ занялі шэраг населеных пунктаў у РФ

Украінскія вайскоўцы імкліва прасоўваюцца.

З учорашняга дня расейскія суполкі паведамляюць аб вельмі імклівым пасоўванні УСУ ў Курскай вобласці. Расейскія СМІ паведамляюць аб тым, што УСУ занялі шэраг населеных пунктаў у Суджанскім раёне Курскай вобласці. А ў мясцовых пабліках ужо дзясяткі паведамленняў аб тым, што эвакуацыя не праводзіцца, а мясцовыя жыхары засталіся без сувязі і электрычнасці. Што адбываецца ў Курскай вобласці, разбіраўся "Фокус".

Расейскія паблікі паведамляюць, што УСУ занялі населеныя пункты Нікалаева-Дар'іна, Дар'іна і Свердлікава ў Суджанскім раёне Курскай вобласці.

Выданне ASTRA часткова пацвярджае гэтую інфармацыю, той факт, што УСУ знаходзяцца ў сяле Свердлікава.

"Хлопцаў, пра тое, што яны праніклі ў Свердлікава, гэта праўда, у мяне там жывуць радня і аднакласніца", – сцвярджае жыхарка Курскай вобласці, чыю асобу і месца жыхарства пацвердзіла ASTRA, у мясцовым чаце.

Таксама расейскія паблікі паведамляюць, што “ўкраінскім фармаванням усё ж такі ўдалося замацавацца ў прымежнай зоне, нягледзячы на інтэнсіўныя ўдары і напады расейскіх войскаў”.

“На паўднёвы-ўсход супраціўнік змог пашырыць зону кантролю ўздоўж трасы 38К-004, прасунуўшыся ў кірунку да заходняга прыгараду Суджы — Ганчараўка. З непацверджаных звестак, у населеным пункце ідуць баі. Напружаная сітуацыя захоўваецца ў хутары Алешня - там расейскія вайскоўцы практычна ў поўным аблозе вядуць разлютаваныя баі з колькаснай перавагай супраціўніка”, - адзначаецца, што ўкраінскіх вайскоўцаў нібыта блізу 400 і ў іх ёсць вайсковая тэхніка. А ўсяго ўздоўж мяжы камандаванне УСУ засяродзіла да дзвюх тысяч салдат. Пацвердзіць, ці праверыць гэтую інфармацыю не магчыма, бо ў шэрагу населеных пунктаў у Курскай вобласці адсутнічае сувязь, у тым ліку і мабільная.

Тым часам у курскіх пабліках і каналах расце колькасць публікацый з просьбай знайсці і дапамагчы вывезці сваякоў з населеных пунктаў, якія, паводле звестак мясцовых жыхароў, засталіся цалкам без сувязі — гэта: Зааляшэнка, Лебедзеўка, Свердлікава ды іншыя.

Выданне ASTRA адзначае, са спасылкай на мясцовых жыхароў, што ў сяле Свярдлікава адсутнічаюць святло, вада і газ. Тыя сцвярджаюць, што эвакуацыя не праводзілася, тыя, хто выехаў, зрабілі гэта на ўласных аўтамабілях.

Рэакцыя ўладаў Курскай вобласці

Губернатар Курскай вобласці Аляксей Смірноў заявіў, што ўлады толькі "сустракаюць насельніцтва, якое пакідае памежныя раёны". Таксама ў сваёй заяве 6 жніўня ён паведаміў, што "сітуацыя кантраляваная" і заклікаў "захоўваць спакой" і "не паддавацца на правакацыі".

А ў Курскім МНС нават зняпраўдзілі, што яны рассылалі паведамленні аб эвакуацыі мясцовага насельніцтва і заклікалі "не верыць фэйкам".

Выданне "Настоящее время" адзначае, што паведамленні ад Мінабароны РФ на працягу дня рэдагаваліся. Так, спачатку расейскае вайсковае ведамства заявіла, што УСУ спрабавалі прарвацца праз мяжу, але расейскія памежнікі ім перашкодзілі, у другой палове дня Мінабароны Расеі ўжо прызнала, што вайскоўцы “працягваюць адбіваць атакі”, а да вечара курскі губернатар паведаміў, што ў аўторак у вобласці у выніку ўкраінскіх атак загінулі тры чалавекі. Да канца працоўнага дня Мінабароны Раскі абвясціла аб адступленні ўкраінскага атрада - потым гэты пост адрэдагавалі, выдаліўшы словы аб адступленні.

У баях на мяжы, з паведамлення расейскага ведамства, удзельнічалі 300 украінскіх вайскоўцаў, 11 танкаў і 20 бронемашын УСУ.

Рэакцыя ўкраінскага боку

Аналітыкі DeepState у сваю чаргу адзначаюць, што ніякіх навін пра тое, што адбываецца ў Курскай вобласці, не будзе. Робіцца гэта ў мэтах бяспекі Сіл абароны.

"Мы ўважліва сочым за падзеямі, трымаем сувязь з часткай падраздзяленняў і будзем падаваць інфармацыю максімальна сумленна, але калі прыйдзе час", – адзначылі ў DeepState.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках