21 лiстапада 2024, Чацвер, 20:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцяпан Папоў: Беларускім спартоўцам не месца на Алімпіядзе

11
Сцяпан Папоў: Беларускім спартоўцам не месца на Алімпіядзе
Сцяпан Папоў

Вядомы самбіст распавёў пра "лукашэнак" у беларускім спорце.

На Алімпіядзе ў Парыжы ў нейтральным статусе выступаюць 17 беларускіх спартоўцаў.

Цяпер у беларускім актыве 1 золата, якое заваяваў батутыст Іван Ліцвіновіч, і 2 сярэбраныя – дзякуючы батутыстцы Віялеце Бардзілоўскай і весляру Яўгену Залатому.

Аднак сёння для многіх беларусаў пазіцыя спартоўца значна больш важнейшая, чым ягоны вынікі. Таму заўзятары даволі холадна ставяцца да перамог беларускіх атлетаў на Алімпіядзе.

Чэмпіён свету, Еўропы і Еўрапейскіх гульняў, уладальнік сусветнага дыплома FairPlay Сцяпан Папоў у 2020-м падтрымаў пратэсты, а ў 2022-м адкрыта выступіў супраць вайны ва Украіне. Сайт Charter97.org паразмаўляў са свабодным спартоўцам пра выступ беларусаў на Алімпіядзе:

- Думаю, што беларусаў там не можа быць увогуле, пакуль ідзе вайна. Падчас Алімпіяды гінуць украінцы, ляцяць ракеты. Тым больш, што нейтральныя спартоўцы (і расейцы, і беларусы) сталі ў адзін шэраг.

Я асабіста нічога не маю супраць спартоўцаў, якія выступаюць пад нейтральным сцягам, якія не падпісваліся за Лукашэнку. Але думаю, што заўзець за іх, падтрымліваць адкрыта, мы не маем права, пакуль ідзе вайна. Цяпер не да спорту.

Было б добра, калі б спартоўцы краін, якія ваююць, адмаўляліся ад удзелу ў Алімпіядзе да таго часу, пакуль ідуць баявыя дзеянні. Як гэта зрабіў Мухамед Алі ў свой час. Але такіх герояў няма. І няма інстытутаў, якія б падтрымлівалі пазіцыю такіх спартоўцаў.

Мы ў 2020-ым зрабілі вялікі крок. Нас падтрымалі беларусы, пачынаў неяк падтрымліваць Міжнародны алімпійскі камітэт, але потым - усё. Тых, хто выказаўся супраць дыктатуры і вайны, усё роўна прыраўнялі да расейцаў. Сёння няма такога інстытута, які б дазволіў спартоўцам паказаць сваю пазіцыю. Усе прынцыпы алімпізму ў гэтым плане не працуюць.

- Быў паказальны момант, калі нямецкі журналіст злавіў батутыста Івана Ліцвіновіча і спытаў, што ён думае пра Лукашэнку. Той адрэагаваў, маўляў, «гэта правакацыя», «спорт па-за палітыкай». Што вы думаеце пра гэта?

- Яны ўсе запалоханыя. Я ведаю шмат батутыстаў і ў курсе, як там усё адбываецца. І масажыст там наш працаваў. Ён пад такім уражаннем ад іх галоўнага трэнера Вольгі Уласавай. Гэта проста дыктатар.

Бывала, што нехта там памыліўся са спартоўцаў, дык яна ўсю каманду на пяць дзён дзён без тэлефонаў закрывала ў пакоях. Нікога з тэрыторыі не адпускала. З Уласавай дамовіцца можна, калі толькі "легчы" пад яе.

Тым больш, што батут - гэта такі від спорту, дзе ліцэнзію заваяваў Ліцвіновіч, а паехаць можа кожны іншы спартовец. Яны гэта ведаюць, у іх 2-3 спартоўцы ёсць моцныя, і ўсе яны вымушаны Уласавай падпарадкоўвацца.

Ліувіновіч - не асоба, а проста інструмент у руках гэтай дыктатуры. Скажу, што гэта добра для выніку. Такая постсавецкая сістэма дае вынікі. Але людзей у ёй прыгнятаюць, знішчаюць асобу

Вось Уласава іх маральна знішчае, яны не могуць яе не паслухацца ні ў чым (ежы, свабодзе, сваім тэлефоне). Еш, спі, трэніруйся - і ніякіх пярэчанняў у адказ. Вынікі ёсць - золата, срэбра. Яна гадуе такіх «інкубатарных» дзяцей.

Дыктатура Лукашэнкі ўхваляе такіх, як Уласава. Медаль паказаў - і рукі ў яе развязаныя, яна можа рабіць з імі, што хоча.

У нас і ў дзюдо было так, калі я трэніраваўся. Усюды ставяць людзей, якія будуць займацца такім ціскам.

- Ці можна ў такой сітуацыі неяк абазначаць сваю пазіцыю?

- Сёння ты супраць Лукашэнкі нават можаш і не быць, але калі ты не згаджаешся, якога трэнера табе прызначылі, цябе ўсё адно зараз прыраўноўваюць да «палітычнага». Нават калі табе далі дрэнны ложак, а ты будзеш нешта казаць супраць, табе скажуць: «Ты што, супраць нашай улады? Што ты на ложак скардзішся?».

Такія, як Ліцвіновіч, будуць скакаць пры кожным раскладзе. Заўтра будзе бел-чырвона-белы сцяг, не будзе гэтай улады, ён таксама будзе скакаць, казаць пэўныя рэчы. Гэта людзі, якія нічога не вызначаюць. У нас, на жаль, спартоўцы, што расейскія, што беларускія, якія засталіся, ужо ні на што не ўплываюць за дыктатурай.

Спорт стаў інструментам палітыкі. Пуцін даўно яго выкарыстоўвае. Усе «адзінаросы» - гэта прадстаўнікі баявых адзінаборстваў. Емяльяненка, Карэлін, яшчэ там шмат дзюдаістаў і баксёраў. Яны ў гэтую рыторыку прапаганды вераць і ўсё думаюць, што ў іх у краіне ўсё добра.

У нас у Беларусі было інакш. Нават на сустрэчы людзі казалі: «Мой бацька – лукашыст». А я ім адказваў: глядзіце, Герасіменя, Папоў, яны ж супраць, вы бачыце, што гавораць». І яны рэагуюць: «Так, адна справа, калі палітыкі гавораць, а тут спартоўцы». І ў нас гэта спрацавала ў добры бок, людзі шмат што зразумелі. Асабліва калі ўбачылі, што мы пацярпелі за сваю пазіцыю: Саша Герасіменя страціла маёмасць, нашы бацькі сядзелі.

У Расеі ж максімум тры спартоўцы выказаліся супраць, вось і ўсё. Вось так спорт уплывае, але няма магчымасці ўключыць гэты інструмент, каб спартсмены ўплывалі на сітуацыю, а мы ў 2020-м годзе яго ўключылі. Калі б больш людзей нас падтрымала тады, калі б не баяліся гэтага гвалту, калі б у сістэме не сядзелі так жорстка гэтыя рэжымныя людзі, то мы маглі б адным спортам добра пераламаць сітуацыю.

Калі б быў яшчэ які-небудзь лідар, які падтрымаў у палітычным плане, то беларусы зразумелі б, што рабіць і куды ісці, а не проста пляскалі ў далоні і чакалі, пакуль нас прыйдуць знішчаць.

- Многія сёння задаюць сабе пытанне: што нам рабіць для набліжэння свабоднай Беларусі. Ваш рэцэпт?

- Мы разабраліся, што робіцца ў Беларусі, з Лукашэнкам, з яго сістэмай, з гвалтам, з Расеяй. Мы разабраліся, як на гэта ўплывае нашая гісторыя і куды нам трэба ісці. З Расеяй нам дакладна не па дарозе, яна для нас вораг, мы разумеем, каго падтрымліваць.

Цяпер жа нам трэба разабрацца і з тым, што ствараецца замест лукашызму, бо мы ўсе былі ў 2020-м супраць, а зараз беларусы павінны разабрацца, за што мы, чаго мы чакаем, куды мы ідзём, якую альтэрнатыву мы зробім.

Людзі інфантыльна, як і за лукашызмам, глядзяць, расплюшчыўшы вочы, чакаюць прыгожую казку, што нейкі «прэзідэнт» усё развяжа.

Не, пакуль мы самі не разбяромся і не будзем уплываць, мы нічога не вызначым. А для гэтага трэба размаўляць з людзьмі, каб яны адукоўваліся, бачылі, як выглядае дэмакратыя, спрабавалі ўплываць на тое, што ў нас тут ствараецца. Каб калі ў нас будзе магчымасць уплываць на працэсы ў Беларусі, як гэта было ў 2020 годзе, нас было шмат. Сёння ж трэба зрабіць высновы з падзей.

Нават калі заўтра ў нас будзе дэмакратыя, перад намі будзе яшчэ адно выпрабаванне. Мы павінны быць падрыхтаванымі, каб не абраць «другога Лукашэнку».

Для гэтага трэба рыхтавацца, каб людзі разабраліся, як гэтая сістэма стваралася, каб на першых выбарах мы не галасавалі за папулістаў, хлусоў і лукашыстаў, якія кажуць, што яны - «дэмакраты». Мы павінны быць моцнай грамадзянскай супольнасцю ўжо сёння.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках