Кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША Уолц рэзка раскрытыкаваў Трампа
2- 7.08.2024, 11:04
- 3,758
Са слоў губернатара Мінесоты, рэспубліканец сее ў краіне "хаос і раскол".
Кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі на выбарах прэзідэнта ЗША і віцэ-прэзідэнтка краіны Камала Гарыс упершыню выступіла на перадвыбарным мітынгу з губернатарам Мінесоты Цімам Уолцам, якога яна абрала ў якасці прэтэндэнта на пасаду віцэ-прэзідэнта, паведамляе “Нямецкая хваля”.
У сваім выступе ў Філадэльфіі (штат Пэнсыльванія) у аўторак, 6 жніўня, Уолц рэзка раскрытыкаваў кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду ад рэспубліканцаў Дональда Трампа, заявіўшы, што ён сее ў краіне “хаос і раскол”.
“Наша кампанія - барацьба за будучыню”
Паводле ягоных слоў, Трамп не мае паняцця аб тым, што значыць служыць нацыі, "таму што занадта заняты служэннем самому сабе". За свой тэрмін на пасадзе кіраўніка Белага дома ён давёў эканоміку да краху, заявіў Уолц перад 10 тысячамі прысутных. Акрамя таго, у час прэзідэнцтва рэспубліканца ў Злучаных Штатах узрасла колькасць гвалтоўных злачынстваў - не лічачы тых злачынстваў, якія ўчыніў сам Трамп, дадаў ён.
Адначасова Уолц падкрэсліў, што перадвыбарная кампанія дэмакратаў - гэта не барацьба супраць Дональда Трампа. "Наша кампанія - гэта барацьба за будучыню", - растлумачыў ён.
У сваю чаргу Гарыс указала, што яна і яе партнёр на выбарах змагаюцца за будучыню, у якой стануць абараняць фундаментальныя свабоды. Яна выказала ўпэўненасць, што Уолц стане лідарам, "які аб'яднае нацыю і будзе прасоўваць яе наперад". Яна назвала губернатара Мінесоты змагаром за сярэдні клас, патрыётам, які, як і яна, верыць у незвычайныя перспектывы Амерыкі.