Прэм'ер-міністарка, якая ўцякла з Бангладэш, можа апынуцца ў Беларусі
9- 7.08.2024, 12:22
- 9,348
Цяпер палітык знаходзіцца ў Індыі.
Прэм'ер-міністарка Бангладэш Шэйх Хасіна, якая падала ў адстаўку і пакінула краіну 5 жніўня на хвалі пратэстаў, разглядае Беларусь у якасці адной з краін, да якой можа звярнуцца па атрыманне палітычнага прытулку. Аб гэтым піша са спасылкай на сваю крыніцу індыйскі Free Press Journal (FPJ).
Цяпер палітык знаходзіцца ў Індыі. Раней паведамлялася, што яна звярнулася па прытулак да Вялікабрытаніі, аднак, паводле інфармацыі FPJ, у Лондане далі зразумець, што яна можа не атрымаць прававой абароны ў выпадку магчымага расследавання масавых пратэстаў у яе краіне, якія прывялі да гібелі сотняў людзей.
У сувязі з гэтым у якасці патэнцыйных дзяржаў для прыстанішча Шэйх Хасіна нібы разглядае Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Беларусь, Катар, Савудаўскую Арабію і Фінляндыю.
У пачатку ліпеня ў розных гарадах Бангладэш пачаліся выступы студэнтаў супраць сістэмы квот на працоўныя месцы для сваякоў удзельнікаў вайны за незалежнасць 1971 года. Паступова абстаноўка ў краіне напальвалася, маніфестацыі перараслі ў беспарадкі, падчас якіх арыштавана не менш як 10 тысяч чалавек.
Антыўрадавыя пратэсты ўспыхнулі з новай сілай 4 жніўня ў сталіцы Дака і іншых гарадах. Удзельнікі акцый патрабавалі адстаўкі Шэйх Хасіны.