7 жнiўня 2024, Серада, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мільянеры прыстрашылі пакінуць Швэйцарыю ў рамках дыскусіі аб 50% падатку

13
Мільянеры прыстрашылі пакінуць Швэйцарыю ў рамках дыскусіі аб 50% падатку

Усяго ў краіне 2,5 тысячы падаткааплатнікаў з багаццем, большым за 50 млн франкаў.

У Швэйцарыі вядуцца актыўныя дыскусіі пасля прапановы ўвесці 50% падатак на ўсякае атрыманае ў спадчыну багацце, якое перавышае 50 млн швэйцарскіх франкаў ($59 млн), і публічных папярэджанняў мультымільянераў і мільярдэраў, што ў такім выпадку яны пакінуць краіну, піша Bloomberg. Прапанову выставіла моладзевая арганізацыя «Маладыя сацыялісты Швэйцарыі», звязаная з Сацыял-дэмакратычнай партыяй краіны, але юрыдычна незалежная.

У рамках швэйцарскай палітычнай сістэмы гэтая прапанова будзе вынесеная на ўсенародны рэферэндум, які чакаецца прыкладна праз два гады. Але нават абмеркаванне такой ідэі прадстаўляе пагрозу для рэпутацыі Швэйцарыі як краіны з нізкімі падаткамі і спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнэсу, піша Bloomberg.

Паводле чэрвеньскага апытання аўдыт-кансалтынгавай кампаніі PwC, дзве траціны ўладальнікаў бізнэсу, багацце якіх перавышае 50 млн швэйцарскіх франкаў, паказалі, што яны на фоне пагрозы ўвядзення падатку плануюць прэвентыўна перадаць большую частку сваіх актываў сваякам. Больш за палову з рэспандэнтаў заявілі, што разглядаюць магчымасць пераезду за мяжу.

Напрыклад, нарвежскі прадпрымальнік Торд Колстад з капіталам 1,5 млрд нарвежскіх крон ($135 млн), які інвестуе ў раздробны гандаль і ласасёвыя фермы і які ў 2023 годзе пераехаў у Швэйцарыю пасля падваення стаўкі падатку для багатых у Нарвегіі, раскрытыкаваў прапанову.

«Гэта была вельмі радыкальная прапанова, і, вядома, я думаю, што яна мела б негатыўны ўплыў на многіх уладальнікаў бізнэсу, - сказаў ён. — Нягледзячы на тое, што я вельмі шчаслівы ў Швэйцарыі, мне давядзецца перагледзець сваю пастанову тут пасяліцца, калі падатак будзе ўведзены».

Старэйшая эканамістка інстытута KOF ETH Zurich Ізабэль Марцінэс падлічыла, што ўсяго налічваецца амаль 2,5 тысячы падаткааплатнікаў з багаццем, большым за 50 млн швэйцарскіх франкаў, што складае менш за 0,1% ад агульнай колькасці падаткаў у канфедэрацыі. Яны штогод прыносяць у бюджэт краіны 5-7 млрд швэйцарскіх франкаў на год, ці амаль 6% ад падаткаў на даходы, прыбытак і прырост капіталу.

Bloomberg піша, што прапанаваны падатак настолькі высокі, што спадкаемцам прадпрыемстваў давядзецца прадаваць актывы, каб яго заплаціць. Гэта паставіла б пад пагрозу працоўныя месцы, асабліва калі б пакупніком быў замежнік, які з меншай імавернасцю захаваў бы вытворчасць у Швэйцарыі ў такім выпадку.

Цяпер у Швэйцарыі няма падатку на спадчыну на федэральным узроўні. Некаторыя кантоны спаганяюць яго, хаця муж і жонка, і дзеці ў большасці выпадкаў вызваленыя ад выплаты. Там, дзе падаткам абкладаюцца ўсе спадчыннікі, стаўкі не перавышаюць 3,5%.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках